Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Купальскія нататкі (абарваны сон)

Ночка купальская, поўня бы сподак
Танчым, спяваем, вядзем карагоды
Дзеўчыны з кветак вянкі заплятаюць
Хлопцы ў голас куплеты спяваюць

Толькі мне сёння не цешыцца штосьці
Холад, самота, віно без мілосці
Цела ля вогнішча – мроі ў аблоках
Шчырасць – у ахвяру паганскаму року

Шэрая дымка над млечнай ракою
Крочу між цемры – я ў думках з сабою
Птушак не чую, людзей не зважаю
Тварык прыгожы між зор ўяўляю

Што гэта: міласць ці зачараванне
Поцяг нястрымны ці подых кахання?
Не, адказаць я рашуча не здольны
Не, я не твой яшчэ – не, ўжо не вольны

Дзесь дагарае купальскае кола
Слуп хутка лясне, нахіліцца долу
Вось пары рук над кастрышчам лунаюць
Папараць-кветку ў зёлках шукаюць

Хтосьці знайшоў сваю – будзе шчаслівы
Хтосьці згубіў і маркоціцца кпліва
Хтосьці збірае пажоўклыя кветкі
Я ж уздоўж ракі разглядаю палеткі

Я, разглядаючы, тут засынаю
Без мітусні між духмянага гаю
Бачу ў сне я, што свецціца нешта
Папараць кветка – зусім недарэчна

Песціцца, вабіць бы яркае сонца
З’зяе, ліецца і лашчыць бясконца
Што мне рабіць з гэткай кветкай-дурніцай?
Ці мне ад смагі табой наталіцца?

І адляцець як натхнёны драпежнік
Ці мне пакінуць цябе для далейшых?
Ці прыхаваць для самотнай гадзіны?
Ці зацкаваць, каб загасла квяціна?

Толькі наважыцца не давядзецца
Снам уласціва сканчацца нарэшце
Як і Купаллю, бо сонца ўзыходзіць
Усім да сустрэчы, жывіце ў згодзе!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Купальскія нататкі (абарваны сон) - Алесь Губін