Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове


Верш Майго дзеда Усціна доля

Майго дзеда Усціна доля
Атрымалася горкай такою-
Ён памёр у далёкім Комі
Ніякою не вінны віною

Больш пра гэта не вучаць у школе.
У газэце чытаю, рахманы
Калі нехта памёр у Комі –
Гэта значыць, ён быў расстраляны

Не даведаюсь я ніколі
Навіною такой ўсхваляваны,
Сапраўды ён памёр у Комі
Ці таксама быў расстраляны?

Як ляжыць гісторыя ў коме
Яе фарсам тады замяняюць,
Толькі страшна, што возяць ў Комі,
Ў Курапатах ў спіну страляюць

Я спытаў бы у пэўных колаў
Што шпіёнаў усё шукаюць
А ці будуць іх везці ў Комі?
Ды ў іх ні пра што не пытаюць

Марнаваць нам часу не можна
І пара запрагаць ўжо коней –
Альбо зараз мы пераможам,
Альбо ўсіх павязуць у Комі

Заклікаю цябе, Пагоня
Барані мой край ад ліхога,
І няхай больш не будзе Комі
Ні у кога і ні для кога

Знаю я – адляціць брыдота
Нібы дым, што ідзе праз комін,
Лепшым помнікам наша свабода
Стане тым, хто “памёр у Комі”

Верш Майго дзеда Усціна доля - Уладзімер Гардзейка