Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш У гушчару

Я адчуваю подых нябесны,
Кроплі-расінкі іскрацца на сонцы,
Мне ў чатырох сцянах сёння цесна,
Хвойны гушчар стаў маім абаронцам.
Рысі, вавёркі сталі сябрамі,
Ў папарацях я ляжу-спачываю
І захапляюсь леса дарамі,
Як на дзівосы на ўсё пазіраю.
Быццам вядзьмару, пчолы прыносяць
Мёду свайго мне – які ён салодкі!
Песню спявае чмель-сцяганосец,
Як мне прыемна пад хвоі бародкай!
Панна лясная казку гаворыць,
Дзед-лясавік абярэг выразае,
Проці хваробы мне яго дорыць,
І, нібы зданнё, умомант знікае.
Слаўныя зверы, духі, бывайце,
Трэба вяртацца мне ў каменны горад,
Клопатам родны лес сагравайце,
Наша сяброўства ня знішчыць і молат.


Верш У гушчару - Зміцер Крэчат