Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Перад Сёмухай

Гаю, гаю, гаю,
Схаджу да дубровы,
Насяку там маю
Ахапак здаровы.

Будзе тут бярозка,
Будзе тут рабінка,
Будзе клёну горстка,
Будзе і калінка.

Перад хатай нізкай
Пасаджу я дрэўцы,
Ад аконцаў блізка
Падбяру ім месца.

Ой, кумы, кумочкі,
Міла паглядзеці,
Як пачнуць лісточкі
Трэсціся, шумеці,

Шаптаць, гаманіці
Ціха між сабою,
Галоўкі хіліці
Тут жа нада мною.

I мне здасца ў хаце,
Што дрэўцы бясконца
Раяцца, як даці
Долю мне й старонцы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Перад Сёмухай - Янка Купала