Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА

(26.11.1930-25.07.1984)

Ён паехаў на Прыпяць памерці.
Там у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Ён па Прыпяці плыў, як па Леце,
І была яго боскай дарога.
Трапятаў за ім восеньскі вецер,
Нібы сцяг, што над вежай узняты,
Нібы дым, што над комінам хаты,
Дзе ніхто ўжо даўно не бывае,
Куды смерць нават не зазірае.

Човен плыў, і глядзелі ўслед людзі,
І знікалі, як крыгі вясною,
А ён быў, а ён ёсць, а ён будзе,
Быццам неба над белай зямлёю,
Дзе ёсць Прыпяць, дзе можна памерці,
Каб у чоўне, як ліст у канверце,
Што напісаны Богам для Бога,
Плыць спакойна і думаць пра многа,
Пра цябе і мяне маладога,
Што гаворыць, што можа памерці,
Быццам бы малако з вуснаў сцерці,
І памерці ў любую хвіліну,
Не па п’янцы, за маці-Айчыну…

Ён паехаў на Прыпяць, каб жыць,
Каб мяне з табой не разлюбіць,
Быццам неба над белай зямлёю,
Быццам сцяг па-над вежай старою…

10.01.2002

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА УЛАДЗІМІРА КАРАТКЕВІЧА - Віктар Шніп