Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА СТЭФАНА ГРАБОЎСКАГА

(24.06.1767–4.06.1847)

Вялікага Княства не будзе ўжо болей,
А ты спадзяешся, што вернецца час,
Якому да нас не вярнуцца ніколі,
Бо й час, што прыходзіць– не цалкам для
нас.
Ён нас не шкадуе, руйнуе палацы,
А ты не шкадуеш для волі сябе.
І ты– пераможца, ты ў Вільні на пляцы,
Але ўсё часова, ізноў ты ў журбе,
Бо мора крыві і яна залатая,
Бо самыя лепшыя леглі ў зямлю.
Вялікае Княства, як сонца, знікае
І ўсходзіць у сэрцах, як слова “люблю”,–
Люблю гэты край, дзе, як слёзы, азёры,
Бялюткія Храмы, ля вёсак крыжы
І, нібы з бурштыну, драбнюткія зоры
У небе, дзе вольна заўсёды душы,
Якая баліць па радзімавых гонях,
Якія цяпер здратаваны мяжой.
І верыш, што прыйдуць французы і сёння ж
Адродзіцца Княства і ў Княстве спакой.
І будзе спадманам табе абяцанне,
Што вернецца Княства і светлы той час.
Ды час залаты і павек не настане,
Бо час, што прыходзіць, прыходзіць па нас.
І ты ўжо глядзіш на завею, што ў полі
Французаў хавае, хавае іх шлях,
Якім яны ўжо тут не пойдуць ніколі,
І слёзы ў тваіх не ўскіпаюць вачах…

21.07.2008

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА СТЭФАНА ГРАБОЎСКАГА - Віктар Шніп