Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ПЯТРА КОНЮХА

(8.03.1910-14.07.1994)

…Па мястэчку Турэц ты ідзеш малады
І гармонік з табой пяе на ўсе лады.
І мястэчку да ранку цяпер не заснуць-
Усе разам з табой пра каханне пяюць…

Зноў Радзіму ў сваіх ты пабачыў слязах.
А Радзіма далёка, нібы Млечны шлях,
Па якім нам да Бога на споведзь ісці.

Млечны шлях прад табой, як сцяжына ў лісці,
Што сарванае ветрам ляціць і ляціць,
І не можа радзімага дрэва забыць,
Як табе не забыцца, што ты не чужы
Беларусі, якая, як цвік у крыжы,
Да якога прыбіта Еўропа і ты.

Ты спяваеш, не плачыш, і пішаш лісты
На Радзіму, якая жыла і жыве,
Як малітва ў касцёлах і ў кожнай царкве.

І лісты твае светла над светам ляцяць,
Быццам іскры з кастра, ля якога не спяць,
Як і ты, хто далёка ад роднай зямлі,
Да якой шчэ сцяжыны не ўсе зараслі…

9.05.2009

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА ПЯТРА КОНЮХА - Віктар Шніп