Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА МАКСІМА ГАРЭЦКАГА

(18.02.1893–20.03.1939)

Цёмна, цёмна ў родным краі.
На крыжах вятрыска грае.
Дзе святло? Святла няма.
Доўга цягнецца зіма.

Нібы воўк, завея вые.
Люд маўчыць. Няўжо – нямыя?
Да агню ідзе Максім.
Воўчы цень ідзе за ім.

А наўкол адна бядота,
І жыццё– нібы балота.
Што з таго, што ні граша!
Ёсць галоўнае-душа
У людзей, што ў родным свеце
Патаемна сняць аб леце.

Цёмна, цёмна – хоць ты плач,–
З неба зоры ўкраў крумкач.
Да святла дайсці ўсё ж трэба.
Тут зямля, тут наша неба,
Тут шынок, а тут турма,
Нават нашая зіма.

На крыжах завея грае.
Кожны крыж свой выбірае.
А ў Гарэцкага дарога–
Да вясны, Святла і Бога…

Дойдзе, дойдзе наш Максім.
Нам ісці лягчэй за ім.

18.09.1993

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш БАЛАДА МАКСІМА ГАРЭЦКАГА - Віктар Шніп