Верш БАЛАДА ЭМЕРЫКА ЧАПСКАГА
(5.11.1828-23.12.1896(4.01.1897))
Ля возера ў парку няспешна ідзеш
Па лісці счарнелым і па залатым.
Ты вершаў не пішаш. Тут восень, як верш
З той кнігі, якую, чытаючы, ты
Кладзеш прад сабой-і святлее ў душы
Ад слоў беларускіх, ад сонечных слоў.
І сумна, што хутка пачнуцца дажджы,
І добра-наедзе ў маёнтак сяброў
І вершы, і музыка будуць гучаць,
І будуць у Станькава зноў мужыкі,
Засеўшы ў карчомцы, зноў думаць-гадаць:
“Чаму гэта пан у нас дзіўны такі-
Ён зброю збірае, карціны, і кніг
Сабраў, што за век яму не прачытаць?”
А ты-усміхнешся, і ўсмешкай на міг
Асвеціш жыццё, да якога шукаць,
Крыжамі свой шлях пазначаючы, нам
Дарогу сваю і якая для нас
Не горшая ў свеце-вядзе яна ў Храм.
Да Храма мы дойдзем! Мінецца ўсё ж час,
Дзе сум несусветны, дзе крык і вайна,
Дзе паляцца кнігі, дзе здрада і тло…
І скончыцца восень, зіма і вясна
Зноў прыдзе, і нехта прыпомніць: “Было
Іх мала, але яны ўсё-ткі былі…”
Ты вершаў не пішаш. Жыццё, нібы верш,
Рассыпаным лісцем на чорнай зямлі
І ты, як чытаючы вершы, ідзеш,
І ў шораху лісця плывуць караблі,
З якімі да Бога і ты адплывеш…
14-15.05.2009