Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БАЛАДА ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ

(каля 1101-23 ці 25.05.1167)

Ад Полацка да Іерусаліма,
Нібы святы агонь, твая дарога.
У сэрцы і за спінаю-Радзіма
І прад табою Бог і ўсё ад Бога…

І не шкадуеш ты, што ў цеснай келлі
Ты думаеш пра родны край і Бога
Каля вакна, дзе галубы паселі
І слухаюць малітвы і ўзлятаюць
Над Беларуссю, да якой шукаюць
Усе дарог, каму ёсць не за морам,
А тут-зямное шчасце, без якога
Не стаць тутэйшым і не стаць святою…

Нібы малітва, праз жыццё дарога
Твая
не зарасце палын-травою,
А стане вечным крыжам Ефрасінні,
Які шукаць, губляць, ізноў знаходзіць
Нам на зямлі, якую не пакіне
Ніколі Бог, бо ён жыве ў народзе,
Як ты жывеш у нашае Айчыне…

25.02.2009


Верш БАЛАДА ЕФРАСІННІ ПОЛАЦКАЙ - Віктар Шніп