Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Пейзаж з буслянятамі

Дні сплылі шумлівай чарадою,
I як быццам ліха не было.
На балотцах за смугой густою
Бусляняты сталі на крыло.

I ляцяць у шэрае міжхмар’е,
I ляцяць мае трывогі ўслед,
На зялёным, дзе жыву, паўшар’і
Колькі слёз было і колькі бед!

I не так ужо сплылі далёка
Тыя дні, калі пякла туга.
На балотцах – невясёлы клёкат.
У лагчынах – сіняя смуга.

Дзесьці блізка паміж дрэў пахілых
Дагараюць дымныя лаўжы,
I на свежаўзрыхленых магілах
Ацякаюць цэзіем крыжы.

Хто мне словы суцяшэння скажа?
Далеч зноў грымотамі гудзе.
I, глядзіш, у стомленым пейзажы
Буслянят ужо няма нідзе.


Верш Пейзаж з буслянятамі - Віктар Гардзей