Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш ЛЕТНЯЯ НОЧ

Ах, ночанька, ноч летняя –
Са мною зноў няветлая,
Нямілая і слёзная:
Нібы зімой, замёрзла я.

Замёрзла – не сагрэюся,
Паверыла – зняверуся,
Што палічыла слодыччу,
Пакаштавала з горыччу.

Ах, ночанька, ноч летняя –
Менш цёмная, больш светлая,
Для закаханых мілая…
Няўжо не адлюбіла я?
НЕЗАВЕРШАНЫ НАЦЮРМОРТ

Я размаўляю з нематой:
З нямымі сценамі і столлю,
З крыштальнай вазаю пустой,
Напоўненаю звонкім болем.

Я размаўляю не з табой,
Калі ўтрапёная, нямая.
Мне не патрэбны звонкі боль
І ваза на стале пустая.

Адмоўлюся ад нематы
І стану шчыраю з табою,
Як толькі вазу ўквеціш ты
І сэрца вызваліш ад болю.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш ЛЕТНЯЯ НОЧ - Вера Буланда