Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Не азірайся, – міф вучыў біблейскі

Не азірайся, – міф вучыў біблейскі, –
Іначай скамянееш назаўжды…
…За стол засядзем – і пасады клейстар
Прыклейвае да крэсла на гады.
Не азірайся – а глядзі наперад,
Ды лішняе не зыркай па баках,
I не круціся, – строгія паперы
Зламаюць шыю нават у быка.
Не азірайся, – што было, на звалку
Ўсё змецена, і што туды глядзець…
I прадзедаў не знаюць дзеці змалку,
I пазнаюць бацькоў сваіх ледзь-ледзь.
Не азірайся, – што тых продкаў мова,
Гісторыі замшэлыя вянцы!..
Мы за сталамі свет збудуем новы,
Дзе першыя тварцы – прамоў пісцы.
Не азірайся… I чым далей – болей
На лысіну наслойваецца пыл,
Хрыбетнік нерухомее ад солей, –
Сядзім, нібы саляныя слупы…
I ўжо не цыркулярам – цыркуляркай
Той слуп не адпілуеш ад стала,
Не выманіш ні чаркай, ні цыгаркай,
Ні пенсіяй, што ўжо даўно прыйшла.
Заслужана сядзім і непахісна,
Назад не азіраемся – ні-ні.
І ў гэтым наша сутнасць, наша існасць:
Аслупянелі – і спачнём на пні.
Памром, як маманты.
I ўсё закрые полаг
Нямога і тупога забыцця.
I ў тле вякоў пачне палеантолаг
З чужых планет разгадваць па касцях:
– З якіх расолаў ідалы такія,
Які так моцна іх засольваў час?..
А мы аднагалосна рукі ўскінем:
– Была эпоха! – грымнем у адказ.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Не азірайся, – міф вучыў біблейскі - Васіль Зуёнак