Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Ці сонцам узыдзеш над полем

Ці сонцам узыдзеш над полем,
Ці з хмары тваёй будзе град ісці,
Ты адна, як у сейбіта доля, –
I ў сэрцы пакутным ніколі
Няма адмаўлення ад радасці,
Як няма паратунку ад болю…
Калі зляпіў Адама з гліны,
Заўчасна радаваўся бог,
Бо ні датацый не падкінуў,
Ні штатамі не дапамог.
I не было ў Адама “нама”,
I сакратаркі не было, –
Быў свет не свет, а скажам прама:
Неперспектыўнае сяло…
А бог лагодзіў:
– Тут вадзіца,
Тут хлеб і райскае дабро,
А так во зробім маладзіцу, –
Сказаў – і выламаў рабро.
Адзіны штат Адамаў – Ева
З яго ж уласнае касці
З’явілася пад райскім дрэвам, –
Гавей тут з ёю і пасці…
Вось гэтак сумна пачалося
Жыццё ў сівую старыну:
Што бог падкінуў для мілосці –
З тым і да шлюбу, і ў труну.
Калі б не скеміла тут Ева,
Спакусы яблык не ўзяла,
То і сядзела б век свой дзевай,
Дабра не знаючы і зла.
Зрабіла крок рэвалюцыйны,
Каханне ўзняўшы з небыцця:
– Бог лепіць арганізацыйна,
А мне патрэбна – для жыцця.
Ляпі мяне, Адам, каханнем,
А я цябе пераляплю.
Няхай праклятымі мы станем –
Што бог недарабіў, зраблю!
– I я зраблю цябе прыгожай, –
Адам забыў, што ён не бог, –
Аж адарваць вачэй не зможа
Сам усявышні Саваоф!..
Засердаваў не без прычыны
Тварэц: – Я ж майстар – не партач!
Наноў перараблю жанчыну,
А з Евай ты тады паплач!..
Сад райскі здаўшы пад распіску,
Адам кахаўся ды любіў,
Чапляў калыску за калыскай…
А бог жанчыну ўсё рабіў.
Ды колькі ні псаваў ён косці,
I колькі рэбраў ні ламаў,
А век жыве і век зайздросціць,
Бо Евы гэткай прыгажосці
Ён, як Адам, не змайстраваў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Ці сонцам узыдзеш над полем - Васіль Зуёнак