Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Бусел над Хатынню

Пакружыўся над Хатынню бусел
сонечна-пагодлівай вясною:
каміны стаяць. І людзі ў скрусе.
А нідзе хаціны ні адной.

Заміраюць галасы людскія,
гукі абуджальнае вясны,
і плывуць трывожныя такія,
тонкія жалобныя званы.

Пакружыўся над Хатынню бусел
і паплыў у светлую смугу.
Ён не ведаў болю Беларусі,
пэўна ж, ён адчуў яе тугу.

Пакружыўся бусел над Хатынню
і ў смузе пад воблакамі знік.
Папялішча ўсё яшчэ не стыне,
і ў грудзях не замірае крык.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (5 votes, average: 4,20 out of 5)

Верш Бусел над Хатынню - Васіль Жуковіч