Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Вузкая рака

Гэты размер – не шукаючы лепшага
Я для паэмы вазьму
Вершнiк чакаць не збiраецца пешага
Лепей скакаць аднаму…

…Ў лесе грыбоў – урадзiлi, харошыя
Ну хоць касою касi
Будзе напэўна замала мне кошыка
Возам бяры вывазi

Ну а грыбы – то не тыя усякiя
Што не iдуць да губы
Баравiкi – на падбор ўсе узятыя
Дзед называў iх “грыбы”

Ну, а яшчэ ён казаў нам – “праўдзiвыя”
Ў кошыку зверху iх клаў
Так i глядзеў бы на гэтае дзiва я
Так бы стаяў i стаяў…

Вось слiмачок, сам як грыб марынованы
Сунецца ледзь у траве
Ўсё, што было ад сумлення прыхована
Раптам ўстае ў галаве

Цi то грыбы, цi то зёлкi гаючыя
Цi то гняздо жаўрука
Цi то шыпшыны галiны калючыя
Цi то з дзяцiнства рака

Роднае наша, сваё, беларускае
Кропелькай кожнай ў рацэ…
Ну, а яна – не шырокая, вузкая
Чуў – зачынiлi лiцэй?

Як так – змаганнi усе былi марнымi
Усё парасло бадыллём?
Цi то тэрорaм, цi то падманамi
“Выпьем – и снова нальём?”

“И вообще – вы о чём, уважаемый?”
Ды гэта сэрца крычыць
Ў роднай краiне нам пагражаюць
Роднае ўсё зачынiць

Знiшчыць буслоў, i вавёрак, i трусаў
Знiшчыць у лесе грыбы
Знiшчыць – увогуле – ўсiх беларусаў
Ўсiх iх пакласцi ў грабы

Вось дык вар’яцтва… усе захварэлi мы
Нейкай хваробай дурной
Мы пагарэльцы – ў вайну не згарэлi
Зараз гарым з галавой

Дзе разуменне? Дзе выйсце? Дзе iсцiна?
Крочце з агня у раку
Каб ад смуроду яна вас ачысцiла
Зноў каб спяваць жаўруку

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Вузкая рака - Уладзімер Гардзейка