Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чаркі – шкваркі не аматар

Чаркі – шкваркі не аматар
Знаю слова “свежына”
Хоць прайшло гадоу нямала
Як мы білі кабана

Зранку ўсё нажы гастрылі
Місы мылі й чарапы
Ўсё хадзілі, гаварылі
А ў хляву чакаў рабы

Вось ў хлеў мой дзед і бацька
Шпарка рушылі ўдваіх
I рабы зароў знянацку
Нож пабачыўшы у іх

Як вішчаў ён! Як змагаўся
За сябе, за свой хлявок
Я ў кутку пад печ хаваўся
Бо трываць гэта ня мог

I апошні ёнк над вёскай
Праляцеў і раптам сціх
I з вачэй пабеглі слёзкі
Хоць ніхто не бачыў іх
. . . . . . . . . .
Я з тых пор на гэту шкварку
З захапленнем не гляджу
I сярод мясных прылаўкаў
На базары не хаджу

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Чаркі – шкваркі не аматар - Уладзімер Гардзейка