Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш На ўспамін

О, як шчымліва й страсна ў маі
пяе салоўка – адпявае
чыесь каханне! Спеў лунае
й канае рэхам уначы.
А цемра зноў Шапэна грае:
ў кагосьці сёння у гэтым раі
жыццё, як знічка, дагарае –
не захаваць, не зберагчы.

Не наталіцца хмелем шчасця
падчас апошняга прычасця.
Істота прагне ў травы ўпасці,
суняць расою боль і жах.
А сум слязьмі наўколле засціць
і не дае разгулу жарсці,
з якою сэрца рве на часткі
чаромхі водар, бэзу пах.

Здаецца, стаць бы на калені,
як перад Госпадам – агменем –
І на мяжы святла і ценю
шапнуць адчайнае: ” Амін…”
І зберагчы ў душы імгненні
перадсвітальнага тамлення,
і ў іншы свет, як дар бясцэнны,
забраць з сабою на ўспамін.

5.06.2013

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш На ўспамін - Таццяна Дзям'янава