Верш Салоўкі (баляда)
Там, дзе вербы ля крыніцы,
Як зялёная падкоўка,
Адчыняла аканіцы
Ранку вёсачка Салоўкі.
Дацямна зямлю арала,
Ад хвароб зьбірала зёлкі,
На старэнькіх кроснах ткала
Дываны, нібы вясёлкі.
I звычайна вечарамі,
Што прапахлі мёдам, сенам,
Душы ўсе ў адну зьбірала
Песьняй роднай, задуменнай.
Кожны госьць
Людзей распытваў:
“Хто ж так хораша сьпявае?”
– Бабка Ганна, дзед Мікіта…
Хата трэцяя ад краю…
Час ляцеў для ўсіх няпросты,
I ня знойдзеш вінаватых,
Што ня стала краю ў вёсцы…
Вёска стала толькі хатай.
Сумна жыць, Але патрэбна
Век адмераны адолець.
“Шумяць вербы каля грэблі…” –
Чула неба, чула поле.
Сьвет, адданасьцю сагрэты,
Сам рупліва колас песьціў.
Ды прыйшло і тое лета –
У Салоўках змоўклі песьні…
На бярвеньні ля паркана
Мы сядзім… Красуе жыта…
“Засьпявай, бабуля Ганна…”
А ў адказ: “Няма Мікіты…
Ён мяне – кажу праўдзіва –
У руках насіў, як сьвечку.
Спадзявалася на дзіва –
Будзе сьпевам цешыць вечна.
Хай ня чуе боль сірочы
Сьвеце ясны,
Сьвеце белы.
Як закрыла дзеду вочы,
I сама тады зьнямела…”
Я праз два гады наведаў
Кут, які душу трывожыў.
Поле скрозь…
Няма і сьледу
Ад Саловак тых прыгожых.
Не вітаюць вербы госьця,
I ня шчодрыцца крыніца…
Пад чаромхай на пагосьце
Шэры фуд Сырой зямліцы.
Галавою да галоўкі
Дзед з бабуляю вякуе…
Заліваюцца салоўкі,
Толькі іх ніхто ня чуе