Верш Дзевяностыя forever
“…добрі часі погані часі — воні залішалі шанс”,
Сяргей Жадан
Шчасьлівай дарогі – кажаш ім – знойдземся як
і матаеш назад касэту вулічнага юнацтва
дзе бязладны гоп-стоп у раёнах горкіх на смак
дворыкі крамаў сны малалетніх лярваў
сьляпое РБ дзевяностых амнэзія нэрваў
Цяпер ужо звыклымі сталі бунты падлеткаў
аўганская шмаль нянавісьць уцёкі з дому
засталіся трывогі твае палахлівыя сьведкі
страх прыхаваны пад скурай разборкі урыўкі фраз
старая факін мараль што скарысталася з нас
Школа нам не дала анічога набор алоўкаў
форма паёк пара дзяжурных ведаў
сынтэз нагляднай батанікі й фізпадрыхтоўкі
прэла за шыбамі сонца й шалела ртуць
у венах цнатлівых ад піянэрскага “Будзь…”
Сэрцы пустыя нібыта прылаўкі сяльмагаў
дзеці прамзон і вялікіх пустых стадыёнаў
толькі і ёсьць у вачох што наіўная прага
стаць футбалістам банкірам ці лоўцам сноў
зрабіўся грубейшым твой слоўнік душа – пагатоў
Ад каханьня цяпер толькі дзьве пустыя абгорткі
барацьба ў душы ўвайшла ў стадыю зацяжное
на перапынках смакуючы формы порнаакторкі
пераходзіў зь дзеўкі на дзеўку з клясу ў кляс
твой пратэстанцкі Бог багоміў джаз
Зірні твае раўнагодкі ўжо заскокваюць у цягнічок
і матляюць рукамі – давай не тушуйся пацан
але ўгледзецца лепей – табе ў цалкам іншы бок
на вакзальнай лаўцы парамі сьпяць галубы
ўсё што робіш робіш інтуітыўна – абы
Бо гатовы жыцьцёвы плян грашыць сафізмам
маўляў чарапахі хутчэй сягаюць вяршыняў
маўляў у ахілаў адны панты і харызма
і ў пятках душа падпішы пане фаўсьце кантракцік:
садок вэ-нэ-у галімая праца раптоўны інфаркцік
Ці пра гэта чытаў ты ў мастацкай літаратуры
але розум хутчэй шануе законы джунгляў
за сьцяною бухае твой пралетарскі гуру
у надвор’і нязьменны прагноз: сьпёка й залевы
у позе лотасу тупа сядзіш пад дрэвам
Ападае лістота з сакуры то бок зь вішні
атрымаўшы грын-карту сябры адлятаюць у вырай
мо чарговы тэракт рыхтуе алаг-усявышні
і таму мо апошні раз патэлефануй дамоў
усё нармальна мама нармальна шоў маст гоў он