Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Машанька з дзядулем і ваўкі (Казка)

Пасля выпадку з мядзведзем, дзядуля з бабуляй унучку з сяброўкамі ў лес адпускаць не сталі. А дзядуля ў лес па грыбы з Машанькай пайшоў сам. Ішлі яны ішлі, зразаючы грыбок за грыбком, як раптам бачаць: ваўчаня пад кустом сядзіць. Толькі яно кінулася ўцякаць, як дзядуля адзежыну з сябе зняў і накінуў на ваўчаня. Завішчала-заскавытала звераня, а дзядуля кажа:
– Прынясём дадому, прыручым, добры вартаўнік дома будзе…
Машаньцы стала шкада небараку, яна і гаворыць:
– Давай адпусцім яго, дзядуля, а яшчэ лепш пашукаем дзе яго логава, бо мама-ваўчыца па ім будзе плакаць.
Дзядуля спачатку і слухаць не хацеў Машаньку, ды як убачыў, што яна і сама гатова заплакаць, пярэчыць не стаў. Прайшлі яны ў адзін бок, затым у другі, як здалёк убачылі бурай паваленае дрэва і ваўчанят, якія распачалі вясёлую гульню. Адпусціў дзядуля ваўчаня і яно з усіх сіл пабегла да сваіх братоў і сясцёр…
Пакрочылі далей Машанька з дзядулем, грыбкі збіраючы. Толькі іх кашы да краёў напоўніліся, як нечакана хмара падкралася і сонейка, быццам калабок, праглынула. Паглядзеў дзядуля навокал і, даўно з ім такога не здаралася, не ведае ў які бок вяртацца дадому. Нібыта лясун старому галаву закружыў. І як не сорамна было яму ў гэтым прызнацца, а давялося. Сталі дзядуля з Машанькай аукаць: а можа хто адгукнецца, дарогу пакажа. Доўга ніхто не адзываўся, як раптам на іх “А-у-у!” нехта “А-у-у!” адказаў. Пайшлі Машанька з дзядулем на голас, як бачаць: знаёмая сцяжынка лягла ім пад ногі. Ды змрок пачаў згушчацца і сцяжынка некуды прапала. Глядзяць: агеньчыкі ўдалечыні замігалі.
– Можа гэта наша вёсачка агеньчыкамі свеціцца? – кажа Машанька.
– Але, унучанька, – адказвае дзядуля, хоць сам вельмі ў тым сумняваецца…
Колькі так яны йшлі, і лік часу згубілі, як убачылі, што апынуліся на ўскрайку лесу, а наперадзе каштоўнымі россыпамі агеньчыкі ззяюць. Падышлі яны бліжэй і пазналі абрысы роднай вёскі. А Машанька, развітваючыся з лесам, назад азірнулася і ўсклікнула:
– Дзядуля, паглядзі, з лесу два агеньчыкі свецяцца!
– Гэта ж воўчыя вочы гараць! – адказаў дзядуля.
І тут яны аб усім здагадаліся.
А ўсё сапраўды было так. Калі маці-ваўчыца вярнулася дамоў, ваўчаня расказала ёй аб сваіх прыгодах. Прычынай жа таму, што яно заблудзілася, было зайчаня, якое так і не ўдалося дагнаць. Ваўчыца, перапоўненая ўдзячнасцю добрым людзям, якія вярнулі ёй сыночка, толькі пацалавала свайго гарэзу і ўздыхнула. Калі паляўнічыя забілі яе сябра Шэрага, ёй самой прыйшлося хадзіць за здабычай… І тут здалёку данеслася ауканне. Наказаўшы ваўчанятам больш без яе з логава не паказваць носа, пабегла. З-за кустоў убачыўшы, што гэта Машанька з дзядулем заблудзіліся, адразу вырашыла ім дапамагчы. Адбеглася далей у бок вёскі і, пераймаючы чалавечы голас, аукнула. А як пачало змяркацца, агеньчыкамі сваіх вачэй ім дарогу дадому паказвала…
Так што і ваўкі за дабрыню дабрынёй плацяць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Машанька з дзядулем і ваўкі (Казка) - Станіслаў Валодзька