Верш Пытанне ўсім
Нёс
З нябёс
Усім па тайне
Вецер-вецер,
Хмарачос,
І капрызнае пытанне:
У каго
Даўжэйшы нос?
І адразу ўся дзятва
Кажа хорам:
– У дзятла.
Не кароткі
У дзятла
Нос,
Ды ён найгрозны
Для
Ворагаў ствала,
І яго баіцца
Тля.
Дзяцел лечыць
Дрэвы ўсе,
І здароўе
Ім нясе.
Тут падумаць
Дзеці мусяць.
Ды ў запасе
Буська,
Бусел!
У яго
Даўжэзны нос.
А падумаўшы ўсур’ёз,
Нос у бусла доўгі,
Каб
Даставаць
З балота жаб.
Заціхае гамана
Толькі на хвіліну.
Нос даўжэйшы
У слана!
Так і быць павінна!
Працаўнік адменны
Слон,
Як галінку,
Возьме ён
Бервяно любое.
Доўгі нос на тое,
Каб дапамагаць усім.
Добра
З носам быць такім…
А даўжэйшы самы
Нос,
Што на ўвесь пасёлак
Рос,
А дастаўся аднаму
Непаседнаму таму,
Хто паўсюль
Яго суе
У свае
І не ў свае
Справы –
Лапатун рухавы!
Да сястры ў партфель,
Да бабулі ў кісель,
Да бацькі ў паперы.
Без дазволу
Лезе нос,
А не любіць
Нос да слёз
Недаверы-дзверы,
Бо яго
Не раз
Выстаўлялі напаказ.
Доўгі нос
Без жалю
Дзверы прышчамлялі.
Паглядзіце,
Дзеці,
Самі,
Хто панёс
Дасужы нос,
Доўгі, доўгі
Самы?!