Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Прашу спагады ў Вашае рукі

Прашу спагады ў Вашае рукі,
Вяселле мы згуляем баравое.
Заручаць нас у небе жаўрукі
I срэбны ложак нам засцелюць хвоі.

Дагоніць рэха нашу цішыню.
I чуткі не абразяць нашу згоду.
I закалышуць хмары вышыню.
Самота ўспомніць даўнюю лагоду.

I цені пераблытаюць сябе.
Сны стануць крозамі, а крозы снамі.
Пачну наіўна верыць варажбе.
Забудуся на ўсё на свеце з Вамі.

Хачу напіцца з радаснай ракі,
Удачу запрасіць хутчэй у госці.
Прашу пакорна Вашае рукі,
Каб не адбіўся я ад рук мілосці!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Прашу спагады ў Вашае рукі - Рыгор Барадулін