Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Камсамольскія сэрцы

Камсамол, маладосць,
Шлях юнацкі, узлётны,
Скрозь дарогі твае,
Ні канца ім, ні краю.
Хіба сорак табе,
А мне болей паўсотні?
Ты ж такі малады,
Я старэць не жадаю.

Што я стаў пераросткам,
Не вынось мне вымовы,
Можаш ты, можаш ты
Мне паверыць, здаецца, –
Я кажу, як даўней
У ячэйцы вясковай,
Што я й сёння юнак,
Камсамолец па сэрцу.

Камсамол! Я твой друг,
Выхаванец і вучань.
У кагортах тваіх
Хай не быў я героем,
Ды ішоў праз гады,
Як праз горныя кручы.
Дзе б ні быў ты ў шляхах –
Быў заўсёды з табою.

Помню першыя дні,
Што жыццё ўскалыхнулі,
Успаміны пра іх
Так мне дорагі, любы –
Ружы цвет, як сцяжок,
На кужэльнай кашулі
I прыгнуты казыр
Над узвіхраным чубам.

Можа, хто нам і слаў
У дарогу праклёны,
Свет стары ў неспакоі
Вылупліваў бельмы.
Мы ішлі, адляталі
Нашчэнт забабоны,
I кулацкі абрэз
Не палохаў нас вельмі.

Кодькі спраў ні было
Баявых, незвычайных,
Даставала на ўсё
Камсамольскага гарту,
Штурмавалі як след
Навуковыя тайны,
Хоць не ў ранніх гадах
Мы сядалі за парту.

Уставалі з гадоў
Слаўных дзён камунары,
Гадавалі ў грудзях
Непахіснасць, адвагу.
У жаданы прастор
Светлых думак і мараў
Заклікаў камсамол,
Вёў пад ленінскім сцягам.

Нам здавалася, век
Будзем мы маладымі,
Што ніколі з табой
Не зазнаем разлукі.
Ды праходзяць гады –
Ўсё мяняецца з імі,
Камсамольскі значок
У сыноў і ва ўнукаў.

Праўда ленінскіх слоў,
Мазалі на далонях,
Нібы ў сталі брусок,
Ім пасобілі зліцца.
I стаіць іх сям’я
Супроць буры сягоння.
Маладою сям’ёй
Можам мы ганарыцца.

Многа ў нас маладых,
У свой край улюбёных,
Маладых, баявых,
Маладых, працавітых.
Пад сцягамі палкоў
Іх гукаюць імёны,
Ў даль стагоддзяў яны
Паглядаюць з граніту.

Ім граніцы няма –
Ўсё павінна скарыцца,
Іх жаданням ў грудзях
Неспакойна і цесна.
Дзе плаціны ўстаюць,
Дзе прастор каласіцца, –
Скрозь гучыць, скрозь гучыць
Камсамольская песня.

Камсамол! У цябе
Неабсяжныя планы,
Свет штораз прад табой
Раскрываецца болей –
Хочаш, месяц штурмуй,
Пралятай акіяны.
Ад імкненняў тваіх
Не адстанем ніколі.

Хоць адбілі гады
Нас пячаццю сівою,
Не зважай, бо яшчэ
Добра ўмеем змагацца.
Бачыш, пульс малады,
Сэрца ў нас маладое,
Дык лічы, што заўжды
Мы ў кагорце юнацтва!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Камсамольскія сэрцы - Пятрусь Броўка