Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Хмары плаваюць над намі

Хмары плаваюць над намі,
Зеляніна ўсё радзей.
Раз’яднанне, раз’яднанне
Дрэў, і птушак, і людзей.

Лісця жоўтае кружэнне,
Насцярожанасць травы.
Адчужэнне, адчужэнне
Ад высокай сінявы.

Гром апошні раз прагрукаў…
Дзе самоту мне падзець?
Ток і лазня, печ і грубка,
Вы ядналі век людзей.

Што людзей яднае зараз?
А ўсё тое ж: поле, цэх.
Часам чара, часам кара,
Часам грэх, а часам смех.

А суседзі сына жэняць,
Тут не восеньскі настрой…
Лісця жоўтае кружэнне,
Спелы яблычны настой.


Верш Хмары плаваюць над намі - Пiмен Панчанка