Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Спагада

Нібы той конь у пене,
Імчыць шалёны час.
Чаканне і цярпенне
Пакінулі ўжо нас.

Ніхто чакаць не хоча:
Хутчэй, хутчэй, хутчэй!
Нястача – заякочуць,
Памёр ты – прэч з вачэй

I з памяці…
Спагада
Ўжо дыхае ледзь-ледзь.
Закон у многіх хатах –
Хутчэй пабагацець…

Спагаду ў сэрцах мелі
Матулі ўсё жыццё.
Спагада – разумелі –
Святое пачуццё.

А як яны цярпелі,
Рабілі за дваіх;
За працаю гарбелі,
Гадуючы малых.

А як жа нас чакалі
Матулі з той вайны!
Што доля іх цяжкая,
Не енчылі яны…

Вось тут, пад гэтым небам,
Па-людску мы жылі.
Спагада сёння трэба
Лясам і ўсёй зямлі.

I кволай балаціне,
I рэчачцы малой,
Мужчыну і жанчыне,
Прыціснутым бядой;

I ўсім, хто добра робіць,
Жыве сумленна сам,
Хто лішняе не ўхопіць,
Не пазайздросціць вам.

I людзям небагатым,
I кожнай удаве…
Хай матчына спагада
Ва ўсіх у нас жыве.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Спагада - Пiмен Панчанка