Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Паэма майго лесу

На цябе, мой лес,
Як на цуд, гляджу –
Ад сасновых карон
Да блакітных красак.
Палянка дыміцца
Пасля дажджу,
Як зялёная коўдра
Пасля гарачага праса.
Ювеліршчына
Тут мігам абясцэніцца:
Гэтае зіхценне рос –
Без цэн.
Нават звонкая
Птушыная бяссэнсіца
Набывае ў лесе
Першародны сэнс…
Потым гул ідзе…
З глыбінь сусвету,
Грозны і бязмерны
Акіянскі гул.
Лес хавае ў мох
Свой воблік светлы,
Асыпае
Ігальчастую туту.
Што ты сумна гудзіш так?
Пакінь, пакінь…
Не прытварайся суровай тайгой.
Нам паплакаць было па кім
I праклясці было каго.
Помніш,
Мы пашумім, –
А нас пасякуць
I пакіруюць
Хутчэй у забой.
Кожнаму спрытнаму басяку
Лягчэй жылося.
Чым нам з табой…
Усе мы дрэвы:
Хто клён, хто рабіна, хто дуб.
Цягнемся да сонца,
Шалясцім ліствою.
Грымне навальніца –
Сагнёмся ад дум,
А зрэжа маланка –
Заснём пад жарствою.
Горш другое,
Мой зялёны дружа:
Не звяліся людзі,
Што паскудзяць нам;
Тлушчам заплылі
I раўнадушшам,
Здрадзілі
Загінуўшым сябрам.
На цёплыя месцы
Аваднямі лезуць,
Менш яны на працы,
Больш – у дактароў;
Пакрычаць прамовы
Аб ахове лесу
I бюракратычных
Наламаюць дроў.
За гультайства дай ім
Рэкі разліўныя,
Падавай
Машыны ім і дачы;
Ходзяць важна, грузна
I паціху ныюць,
Шэпчуць пра памылкі
I нястачы:
“Ад культу гінь,
Ад засухі гінь,
Ад здрады гінь…
I так штодня і бясконца…”
Быццам самі
Для людзей яны
Стаўлялі радугі
I сціралі смела
Плямы з сонца.
Ну, каб быў
Разуты і раздзеты,
Хлеба каб не меў,
Не меў граша, –
Нахапаўся ж для сябе
I марнатраўцаў-дзетак…
Толькі цяжка іх
Злавіць на барышах.
На былое
Намякаюць тонка
I аб рэвалюцыі
Шумяць…
Не чапайце Леніна, падонкі,
Не паганьце светлае імя!
А ля іх сям-там прыдурак
Піша тысячы папер,
Майстар нуднай працэдуры,
Гучных сказаў інжынер.
Балбатнёю душы муціць,
Быццам пары паддае,
Ён і вучыць,
Ён і мучыць
I спакою не дае.
Любіць ён бадзёра каркаць,
А каб ведалі маштаб,
Настаўляў ва ўсіх ён парках
Сотні мамантавых баб.
“Будзе так нам жыць культурней”, –
Над афішамі сапе.
Заўжды дурань лічыць дурнем
Іншых, толькі не сябе…
Мы не з тых, не з гэтых
I не снім аб барахле.
Што ў цябе у лесе –
Тое ў нас у хаце.
Нам патрэбны ісціны
Простыя, як хлеб,
I праўдзівыя,
Як плач дзіцяці.
Зноў ты, лес, смяешся:
“Эх, дурны, дурны,
Кожны кар’ерыст
Цябе ашукваў.
Ні ў цябе Эльбруса,
Ні ў цябе зурны,
Ні буркі касматай ашута”.
Не бяда!
Народ пра сталь і зерне
Турбуецца.
А тут яшчэ няўрод…
Я нават і іронію
Трымаю у рэзерве,
Каб не абразіць
Незнарок народ.
Мы шырокім фронтам наступаем.
Мы амаль усе ўжо
Сёстры ды браты.
Толькі шчырасці
Нам часам не хапае,
Не хапае часам
Дабраты.
Не той слюнявай,
Што ўсё даруе
I прыкрывае
Смаўжоў грахі;
А той, што ў будучыню
Сэрцы кіруе
I ажыўляе слых у глухіх…
Лес мой,
Цуд мой,
Акіян мой зялёны і сіні,
Захавальнік магіл і прысяг
I роздумаў добрых людскіх,
Я перадам нашу дружбу
Дачушцы і сыну,
Каб іх рукі ніколі
Галін не ламалі тваіх.
Сінім вераснем ці лістападам
Я спынюся ў цябе
На апошні начлег.
I мы зноў пашумім,
А пасля
Паразмаўляем без слоў:
Пра падзеі загінуўшых хлопцаў,
Пра зорныя спадарожнікі,
Пра чырвоныя журавіны і белы снег,
Пра журботны голас зязюлі
I трывожны клёкат буслоў,
Пра каханне і смутак
I пра шчасце,
Якое
Так цяжка уладкаваць на зямлі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Паэма майго лесу - Пiмен Панчанка