Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адплывае на захад гарматны гром

Адплывае на захад гарматны гром,
Чорны снег і забітых белыя твары,
I пражэктар далёкі светлым багром
Б’е маўкліва ў чырвоную хмару пажару.
Мне б дабегчы і гэты пажар пагасіць,
Толькі рана баліць і замала сіл.
За плячыма – тысячы спаленых сёл
I дзесяткі разбураных гарадоў.
I я ведаю – гэта яшчэ не ўсё,
Гэта толькі пачатак трывожных гадоў.
Вы мне скажаце: будзе ізноўку бэз
I дзяўчаты у лёгкіх блакітных сукенках.
Для мяне ж яшчэ доўга расстрэлены лес
Захліпацца будзе дзіцячым енкам.
Ад чарэмхі – чад і ад бэзу – дым,
Попел скрыпне ізноў на маіх зубах.
Нашай будучыні гады
Будуць доўга глытаць папялішчаў пах.
I цагляная чырвань новых муроў
На мяне пральецца, як кроў.
I за белаю вапнаю свежых сцен
Я убачу хаціны чорны шкілет.
З чарапоў густая трава парасце,
Лівень змые варожага танка след,
А за мною заўсёды, да самай труны,
Будзе крочыць праклятая здань вайны.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адплывае на захад гарматны гром - Пiмен Панчанка