Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Кругі

Наканаваная мінута,
Нікога ты не абышла.
Над безданню ўзнялася крута
Твая няўмольная скала,

З якой і я зірнуць павінен,
Пачуўшы суджаны сігнал,
Калі на акіяне сінім
Падымецца дзевяты вал

I паласне ў нястрымным шале
Бязлітаснай маланкі меч,
I з хмарамі сальюцца хвалі,
I завіруе чорны смерч,

I, пацяшаючыся, з кручы
У вір, у прорву штурхане…
Так толькі кат ахвяру мучыць –
Ты ж не спалохаеш мяне.

Апошні раз спакойна ў сэрца
Маё сумленне зазірне,
Бо плынь жыцця не перарвецца,
А толькі кругам варухне.

Калі ж ты быў патрэбен людзям,
Сваёй душой ім дарагі –
Людская памяць доўга будзе
Кругамі біць у берагі.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Кругі - Васіль Вітка