Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш БЕЛАРУСКІ НАРОД

Хто ты, беларускі наш народ?
Перад вачыма выгляд шматпакутны
стаіць дрыгвы няскоранай сярод,
бязмерна заклапочаны і смутны.

Адкуль ты? З першых крокаў крывічоў,
ці з поўначы прынесены вятрамі?
Ці, можа, паціскаючы плячом,
згадзішся, што зацверджаны царамі?

Чаму ў тваіх напружаных вачах
адбілася шмат усяго такога,
што за стагоддзі сечы на мячах
не паспрыяла крочыць паспяхова?

Навошта паступова ў заняпад
ты звёў свае гаворку і культуру?
Ды не кажы, што твой “старэйшы брат”
гвалтоўна заказаў па ім хаўтуры!

Калі пачаў мірыцца, узгадай,
ты з крыўдамі і нешчаслівым лёсам?
Зрушыся і сваёй крыві надай
агню, каб зноў паўстаць у рост калоса!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 3,00 out of 5)

Верш БЕЛАРУСКІ НАРОД - Павел Надольскі