Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Не сніцца Парыжу ворыва водар

Леаніду Дранько-Майсюку
Мая душа не плача, а пяе, бо стомлена не лёсам, а табою.
Л. Дранько-Майсюк (“Стомленасць Парыжам”)
Твая душа – нячулая машына, выразны запіс.
Х. Картасар “62. Мадэль для зборкі”

Не сніцца Парыжу ворыва водар,
Не бачыцца ў снах паплавоў хараство.
Вялікі адметнасцю светлаю горад,
Палескіх не сніць краявідаў даўно.

Самотны і з тым, без таго, у трывозе,
Палонены снамі стамлённа-чужых,
Не сніцца адчайна між вежаў і плошчаў
Усходняга вальсу багемны уздых…

Не сніцца Парыжу ліцьвінскія вочы,
Паэта здалёку, Паэта з не тут.
Ды чуе надоствітку, цішай, употай
Вандроўніка шэпат здзіўлены Луўр.

Дыханне займае прасторы і часу,
І водарыць – Божа! – нязнанасцю сноў,
Якія вяслуюць прывідамі страху
У колерах белых, чырвоных, бы кроў…

Адкуль жа самота? Нячутна-знаёма,
І мова нагадвае баль салаўёў…
Адна ў Беларусі на тыдзень субота
І сем у Парыжы на тыдзень субот…

Не сніцца яму, апалоненым жарсцю
Дзівотных фантазій ПікАсо-РэмбО,
Як поначы кветам ад Вільні, няйначай,
Ліецца з нябёсаў Ярылы святло…

Ды што яму богі? Д’арк больш за сонца,
А вуліца Ружаў прыўкрасней за свет.
Чаму ж, о Анёле, балюча быць можа,
Ад шэпату кволага між безлічы моў?

Не сніцца Парыжу ні сад Люксембургскі,
Ні Руаяль, ні Сен-Жэрмэн…
Ён слухае моўчкі з слязою на вуснах
Аповеды з “Кнігі для спадарыні Эл”.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Не сніцца Парыжу ворыва водар - Павел Гаспадыніч