Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Рыцары

Я паміж вамі, як паміж дубкамі,
Бярозанькаю светлаю расла.
Чамусьці першымі
пасля вайны гадамі
На хлопчыкаў багатай вёсачка была.

Не навучылася я плакаць, не умела,
Вясёлаю, усмешлівай і смелай
Ў ваенных вашых гульнях,
бойка-ашалелых,
Я радавою з гонарам прайшла.

Не бралі вы урокаў этыкету,
Але з балот,
ў разводдзе,
аж з-за бальшака,
Адзнакай смеласці –
лотаці букеты
Ў хлапечых сарамяжлівых руках.

Валошкі самай сіняй і рамонкаў белых
Стараліся сабраць мне для вянка,
Мой яблык быў заўсёды самы спелы,
Чарэшні найсмачнейшыя, з вяршка.

А час быў цяжкі. Нас не шкадавала,
Нас абакрала клятая вайна.
Бацькоў забрала. Працы нам хапала –
Бывала, сеяла, арала,
Яшчэ дзіцячая, не дужая рука.

Палуднавалі мы, пакуль драмала чарада.
Абед звычайны – крапіва ці лебяда,
Акрасай бульба (бульбы было мала),
Свой выпадковы скрылік сала
Мне нехта з вас па-рыцарску аддаў.

Раз’ехаліся мы без слоў прызнання.
Вы сонечнымі промнямі
у кожным маім дні.
І разбіваюцца падманы-заляцанні
Аб пробны камень вашай вышыні.

Ад сэрцаў вашых
моц, святло Радзімы.
Выходзіце наперарэз ліхім вятрам!
Мае вы хлопчыкі, равеснікі, мужчыны
Я нізка кланяюся вам.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Рыцары - Ніна Радзівончык