Верш Я дома
Я дома
Спякотнае, млоснае лета,
Так вабіць людзей густы цень.
Купалле ўжо ў песнях адпета,
У нябыт адышоў Пятроў дзень.
Такім вось якраз надвячоркам
Прывезлі цябе год назад.
Насустрач нам з пашы кароўкі
Вярталіся мірна і ў лад.
Шафёр адчыніў толькі дзверы
І шуснулі хлопцы на двор.
Гарэзам-у поўнай ім меры
Патрэбен вялікі прастор.
А ты затрымалася трошкі,
Глядзіш усхвалявана на нас.
Не бойся, дачушка, тут ножкі
Твае прабягуць шчэ не раз.
І ты прашаптала: Я дома.
На сцежку рашуча ступіла.
У блакітнай сукеначцы новай,
Што я ў падарунак купіла.
Ёсць у цябе цяпер хата
І нават два дні нараджэння,
Ёсць брацікі, мама і тата,
Дай Божа, нам усім разумення.
…І вось ужо год непрыкметна
Мінуў з тае першай сустрэчы.
Глядзіш ты ласкава і ветла
Як ў той даўні ліпеньскі вечар.
У адно нашы сэрцы зліліся,
І наша ты ўжо назаўсёды.
Зрадніліся мы і зжыліся,
І дзелім пароўну нягоды.
Ты стала дзяўчынкай вясковай,
Нібы не была гарадскою.
Мясцовай хатыніцкай мовай
Ужо размаўляеш са мною.
1995г.