Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Беларуская гасціннасць

Недарэмна вёска наша цэніцца:
Шчырасцю – гасцінны беларус.
На парозе толькі госць павернецца –
Ільняны разгортваем абрус.

Верашчака, смажанкі, бульбянікі…
Пахне полем дзедаўская печ.
Ешце, госці, залатыя дранікі –
Упадзе гадоў дзесятак з плеч.

І плыве гамонка лёгка, шпарка.
Тут у нас заведзена даўно:
Не звядзецца ў нашай хаце скварка,
Разам з ёй і чарка заадно.

Каб не здрадзіць бацькаўскаму следу,
Беларусь у сэрцы берагчы,
Па гасціннасць я у вёску еду –
Хата зоркай свеціць мне ўначы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Беларуская гасціннасць - Ніна Аксёнчык