Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адзінае (паэма )

” Мне сняцца сны аб Беларусі…”
Я. Купала
Пралог

Каб пачынаць з чысцюткага ліста,
Я б паўтарыў яшчэ не раз вандроўку
У велічны загадкавы Кітай,
Пра што жадаю ўзгадваць я зноўку.

Нібы на стужцы, нагадае мне
Пра час нядаўні зноў карціна тая.
Як я стаю з сябрамі на Сцяне *
І ўголас Багдановіча чытаю.

Як уздымаўся ўвысь фунікулёр
Да неба, да аблокаў і вяршыняў,
І быў палёт да гор, нібы да зор.
Што пахаваліся ў нябёсах сініх.

І бачылася, што куды ні глянь,
Прастора ўся напоўнена вякамі
І веліччу, нібы гара Тайшань,
Якая паўставала перад намі.

І плыў над храмамі салодкі дым
І да яго працягвалі мы рукі.
Здаецца ні стагоддзі, ні гады
Спакой такі не здолелі парушыць.

Былі мы на радзіме мысляроў,
Настаўнікаў, асветнікаў, паэтаў,
Пісьмёнаў даўніх і таемных слоў.
Я лёсу зноў падзякую за гэта

І буду я яшчэ не раз казаць,
Што толькі так сусвет спазнаць магчыма,
Каб у кутках далёкіх пабываць
І ўбачыць зноў Радзіму прад вачыма.

* Вялікая Кітайская сцяна – унікальны помнік гісторыі і архітэктуры сусветнага значэння.

***

Якая над Шанхаем ноч плыве
І зоркі зіхацяць над хмарачосам!..
І цеплаход, і ветлыя матросы-
Усё гэта ўспамінам ажыве.

І я тады, на тым краі зямлі,
Маленькаю пясчынкаю сусвету
Адчуў усю бяскрайнюю планету
І сіл, раней не зведаных, прыліў.

Бо там і Мінск, і родны Полацк мой.
Якія так далёка ад Шанхая.
А паміж імі – я, як ніць жывая.
Уплеценая ў вечнасці сувой.

Гатэльны нумар, нібы той каўчэг,
Ляцеў праз ноч, спякотны душны морак,
Да вечнасці, да тых шанхайскіх зорак.
І быў яго імклівы лёт і бег.

Ды голас мне нашэптваў : ” Пачакай.
Вось толькі ў небе месяц заіскрыцца,
Табе Радзіма любая прысніцца
І прыплыве праз сон табе ў Шанхай.

Сон першы
Над цэркаўкаю промень залаты,
Нібы з нябёсаў таямнічых посах,
І Полацк, што падораны мне лёсам,
Не страціў сваю веліч праз гады.

А ў келлі адзінокай цішыня
І толькі дух нябачнай Ефрасінні.
Чакае ранак зноў у высях сініх
Пачатак новы маладога дня.

І Лік святы праз мроіва муроў
Вярнуўся ў храм праз сівізну стагоддзяў,
Каб памяццю застацца у народзе,
Каб светлым промнем засвяціцца зноў.

Бо фрэскам тым непадуладны час.
А як іх замалёўвалі вякамі!…

Ды зрушыўся вякоў замшэлы камень,
І вось яны ізноў прыйшлі да нас.

І я так верыў, полацкі хлапчук,
Што слава майго горада аднойчы
Адкрые родным палачанам вочы,
Каб годнасць на зямлі сваёй адчуць.

Прадслава, сёння бачыў я праз сон,
Як ты ступаеш басанож па полі
Да вечнасці, да еднасці, да волі,
Праз тлум вірлівых і панылых дзён.

Каб Еўфрасінняю прыйсці да нас,
Нібыта светлым променем іскрыстым
І словам мудрым, як крыніца чыстым,
Нас бласлаўляць зноў праз вякі і час.

А потым бацька сніўся малады,
І думалася : ён, бадай, не знае,
Што сёння яго бачыў у Шанхаі,
Як крочыў ён праз мройны светлы дым.

Сон другі

Мае малыя, Оля і Максім,
На возеры са мной у лодцы цеснай
Смяюцца і спяваюць звонка песні
І я старанна падпяваю ім.

І я яшчэ не ведаю, што тут,
Дачушка у Шанхаі будзе побач,
А з сынам буду дома, ў Мінску, поруч
Пісаць артыкулы пра родны кут.

Сцякаюць кроплі буйныя з вясла,
Сінее лес на беразе далёкім,
І столькі сонца, возера, аблокі
Нам дораць і спагады, і цяпла…

Сон трэці

Над Прагаю буяе лістапад,
У золаце дамы, бульвары, храмы.
І казачныя рыцары і дамы
Ідуць паважна ў каралеўскі сад.

І мой зямляк у манціі сваёй.
Якога называюць тут Францыскам,
Што выправіўся з дому ў шлях няблізкі,
Каб тут адвечны свой знайсці спакой.

Ад Полацка яго пачаўся шлях.
Яго, свой горад ён навек уславіў.
І помнік сваёй мудрасці паставіў
У друкаваных вылітых радках.

Ён на чужыне, як і я, праз ноч
Імкнуўся да Дзвіны, да ранкаў росных,
Да вечароў, празрыстых і марозных,
Да светлых мрояў і прыгожых сноў.

Як пчолы вуллі памятаюць, так.
Як птушкі гнёзды родныя, святыя,
Ён нёс сваёй зямлі радзімай знак,
Па ёй заўжды праносіў настальгію.

Сон чацвёрты
Ля Брацкай школы я хадзіў не раз
І там пад ціхі пошум думных кронаў
Узгадваў пра манаха Сімеона,
Пра яго вучняў, пра суровы час.
Калі яго паклікала ў Маскву
Паэзіі высокае служэнне
І рыфмаў размаітае мігценне,
Што назаўжды ўскружыла галаву.

І там, у клетцы залатой, калі
Сярод палат раскошных і харомаў
Імкнуўся ён у думках пакрыёма
Да полацкай адвечнае зямлі.

Бо Полацкім назваўся назаўжды,
Пакінуўшы ў гісторыі найменне.
Высокае, як дух і як знаменне
Нам, каб яно свяціла ўсім заўжды.

Сон пяты

На светлым лузе над Дняпром сівым
Ідзеш, бялявы, ўмешлівы, прыгожы.
Гаворыш мне пра ЛІМ. Пра лёс, пра ” Вожык “.
Пра ўсё, калі ты быў яшчэ жывым.

Цябе каторы раз прысніў я зноў.
І кожны раз, калі ідзеш праз лета.
Праз луг, які завецца Пісьмянкоў,
Куды збіраюць кожны год паэтаў.

І ціснецца салёная сляза,
І даўні твой радок перафразую :
-Алесь, табе не хочацца назад?
І ведаю : адказу не пачую.

Замест эпілога
Так у шанхайскай ночы я прысніў
Усё, што жывіць мроі і памкненні.
І ў гэтым дзіўным летуценным сненні
Сваёй Радзімай дарагой я жыў.

Так шмат цудоўных месцаў ёсць вакол.
Але чаму сваё шукаюць вочы?
Чаму ізноў прачнуся сярод ночы.
Убачыўшы світанне над ракой?..

І цэркаўкі маленькай сілуэт,
І саду красавіцкія пялёсткі,
І Беларусі гарады і вёскі-
Адзіны назаўжды Айчыны свет.

Яна – маё натхненне і выток.
Яна – мая нявеста і каханка.
Пяшчотная, як маці калыханка.
Нібы гаючае вады глыток.

Я не стамлюся пра яе спяваць!
І хай ўвальецца гэты сціплы голас.
Нібы зярнятка ў поўны спелы колас.
І большага не стану я жадаць.
Лім №43 за 1 лістапада 2013г.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адзінае (паэма ) - Навум Гальпяровіч