Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Заяц і Ліса

На сход лясныя жыхары
Збіраліся пад горкай.
Завочна Заяц у бары
Даваў Лісе “праборку”.

– Пара Лісу нам правучыць,
Пара сказаць у вочы:
Чаму ты лазіш па харчы
У курасаднік ноччу?

Лісу Барсук перасцярог
Пра Зайцавы намеры.
I каб ён выступіць не мог,
Ліса прымае меры.

Таму ў прамове, ды не раз
(Зайцоў Лісіца знае!)
Як лепшага гаспадара
I Зайца адзначае.

– Ён краю нашага краса,
Да подзвігаў ахвочы…
У Зайца бліснула сляза.
Ён лапкай выцер вочы.

Калі ў праўленне вызначаў
Лісіцу Касалапы,
То, кажуць, Заяц падымаў
Усе чатыры лапы.

Другі начальніка свайго
Ў закутку крытыкуе,
А як да справы – за яго,
Што Заяц, галасуе.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Заяц і Ліса - Міхась Скрыпка