Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш КРЫЖЫ

Крыжы на аўтастрадах, пераездах…
Ты мне такое месца пакажы,
Дзе б не раслі ад Оршы і да Брэста
Уздоўж дарог жалобныя крыжы.
Куды нясемся і з якой прычыны
Цаной жыцця за хуткасць барацьба?
Нямым дакорам на краю лагчыны
Самотны крыж, як чорная журба.
Крыжы, крыжы…На захадзе і ўсходзе –
Вакол крыжы, куды ні паглядзіш…
Ці ж для таго мы ў гэты свет прыходзім,
Каб пры дарозе свой пакінуць крыж?


Верш КРЫЖЫ - Мікола Пацяюк