Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Восенню

Стрэхі мокрыя ўніз апусцілі рукавы,
пачарнелі гасцінцы, дарог каляіны;
дацвітае лістом і лаза і крушына,
і ў імшарах лясных дагарае атава…

Глядзіць родная даль з-пад насуненай шапкі
туманоў, што вісяць дываном над балотам;
пад дзядоўскім старым і пахіленым плотам
вецер лісце, як пер’е, ўзмятае ахапкам.

А паўднём сонца лістам чырвонай асіны
расцвіце паміж дрэў, ды ізноў у гушчары
ападзе і рассыплецца ў ціхіх імшарах
па ягодніку спелай агнём-журавінай…

Калі-ж ноч ападзе, рассыпаючы зоры,
і затлеюць яны над іржавым папарам,
вечарамі тады дзед на дошчатых нарах
ўспамінае жыццё, што мінула yчopa.

І, як памяць сівая далёка ахопіць,
ён гаворыць з тугой аб гушчарах глыбокіх,
бы памінкі спраўляе па соснах высокіх,
па лагах, па ласіных загубленых тропах…

Ды пытае мяне пра блізкіх і знаёмых,
што пайшлі у жыццё прамяністай дарогай,
і ці шмат, як і я, маладых у астрогах
дні свае караталі ў падвалах сцюдзёных…

І, заслухаўшыся, галаву апускае сівую,
як сасна, пабялеўшая раннім марозам,
словы-ж так ападаюць, як лісце бярозы,
на асеннюю быль і на казку старую.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Восенню - Максiм Танк