Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Мора зімы

У белае мора зімы
адплывае наш човен.
І ў хвалях-сумётах зьнікаюць за намі сьляды.
Хоць зораў ня бачна –
ці трэба вяртацца, панове,
У зьлітыя восеньскім шэрым дажджом гарады?
Пад гэтым бязьмежным,
бяздонным, як мроіцца, небам
Адзіная наша,
каханая наша зямля.
А недзе наперадзе
ў першых праталінах бераг
І дыхае хлебам
на поўныя грудзі ральля.
Над морам зімы
так высока праглянула зорка –
Нібы вастрыё скіраванай зь нябыту стралы.
А мы даплывём,
даплывём да вясновага золку,
І стане бурштынам
апошняя кропля смалы.
І нават калі
неадольныя выпадуць сьцюжы
І помнікам зь лёду
паўстанем мы самі сабе –
Мы будзем дарогу паказваць
больш кемным і дужым,
І нехта па сьцюжы
дарогу такую праб’е.
У белае мора зімы
адплываем, зьнікаем.
Таму што – жывыя,
таму што – тутэйшыя мы.
І хвалі сумётаў сьляды паглынаюць за намі,
І наша зямля замярзае
пад морам зімы.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Мора зімы - Людміла Рублеўская