Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Праганю тваю хваробу

Маршчасты лоб, сівыя скроні,
У шурпатых мазалях далоні.
Ці ж гэта ты, мая матуля,
У зрэбнай беленькай кашулі
Ляжыш на ложку нерухома?
З табой такой я не знаёма.
Ты ўсё жыццё кудысь імчала.
Табе ўсё часу не хапала.
Шчэ ўчора бегала па хаце
У старэнькім латаным халаце.
Зваліла ўсё-ткі цябе стома…
Ледзь-ледзь даклэпала да дома.
У хаце, як заўсёды, чыста.
Фіранкі свежасцю празрыстай
Пад подых ветрыка гуляюць.
І вокны, нібы вочы, ззяюць.
А на падлозе можна есці.
Памыла, мо, разоў ты дзвесце,
Пакуль мяне к сабе чакала.
Дык вось і я. Вітай. Прымчала.
Прэч праганю тваю хваробу.
Няма чаго спраўляць жалобу.
Лепш пойдзем, набяром чарніцаў.
Надзенем боты, рукавіцы
Ды крапіву парвём ля плоту –
Тут непачаты край работы.
У мамы пасвятлелі вочы.
Удваіх шчабечам да паўночы.
Яна ажно памаладзела,
Нібы вясну сваю сустрэла.
Як вожык, тупае па хаце
У сваім залатаным халаце.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Праганю тваю хваробу - Лёля Багдановіч