Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш І гляджу я на горад — бы мастак на натуру

І гляджу я на горад — бы мастак на натуру.
Мы равеснікі з ім. Архітэктура –
то бок гмахі з цаглін і панелей –
кубатурай акамянела.
Бомкае храм штогадзінна званамі:
напамінае, хто ёсць над намі.

Праваслаўны ад нараджэння,
я прыйшоў у касцёл для канфесій збліжэння.
Што з таго выйшла — аповед асобны.
З”явы, падзеі, краіны, асобы…–
назвамі вуліц горад прамовіў.
Гэткім ствараў яго дойлід Шлеймовіч.

Лёс вёў мяне пазнавальным маршрутам
ад насалоды і да атруты.
Адбаляваў… То быў баль сатаны,
дзе пад маскаю праўды сутнасць маны.
Горад існы тады, калі звечарэе.
Я яго разумею, ён мяне разумее…

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш І гляджу я на горад — бы мастак на натуру - Лявон Неўдах