Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Адказ

– Скажы, скуль ты, хлопча?
– З зямлi беларускай –
стуль, дзе льецца Нёман
мiгатлiвай стужкай.

Дзе лугi буйныя,
ураджайны землi,
дзе старыя вербы
ля гасьцiнцаў дрэмлюць.

Дзе лясы як ў казцы –
ўсё з дубоў адвечных;
дзе ў нетры пушчаў
глянуць небясьпечна.

Я з краiны слаўнай,
з гарадоў прыгожых,
што ня зналi колiсь
цьмы чужой, варожай.

Родны сьцяг наш горда
уздымаўся ў гору
ад балтыйскiх хваляў
аж па Чорна Мора!

У маiм краi казкi,
сiвыя курганы;
там зрадзiлась песьня
вешчага Баяна.

Выпiлi вякi ўжо,
на’т зь Нямiгi воду –
славу нашых продкаў
засланiла воддаль.

Але, ўсё-ж, я горды
нашых сэрцаў сiлай –
мы падымем славу
з курганоў-магiлаў.

Бо мы хочам волi
горача i цьвёрда,
бо мы хочам славы
для Пагонi гордай!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Адказ - Ларыса Геніюш