Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Сто песень… Сто жывых паданняў

Сто песень… Сто жывых паданняў…
Сто дум… I сто адказаў ім…
I сто – са ста дарог – жаданняў,
I сто пытанняў перад тым.

Ці ўсё прызнаў з таго, што спела?
Ці ўсё збярог, што браў навек?
Чым жыў? Чым славіў тую смеласць,
Што не дае жыцця на здзек?

Якім святлом, якой турботай
Душу выводзіў з нематы?..
Сто песень… Як дайсці да сотай
З агнём ад першае вярсты?..


Верш Сто песень… Сто жывых паданняў - Кастусь Кірыенка