Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш МАНАЛОГ АБЫВАЦЕЛЯ

Якая розніца, якое заўтра свята,
І хто яго прыдумаў, і калі?..
Галоўнае – каб выдалі зарплату
І раз у тыдзень выспацца далі.

Якая розніца, якім народам звацца
І для каго служыць, як батракі,
Калі растуць лядовыя палацы,
Свінарнікі і аграгарадкі?

Якая розніца, хто правіць баль ва ўладзе,
Сляды злачынстваў тоячы ў імгле?
Жывем мы тут зусім няблага, браце,
Бо чарка ёсць і шкварка на стале.

Якая розніца, хто трапіў па-за краты?
Бач, вышукаўся нейкі грамацей!
Каб толькі не чапалі маю хату
Ды не краналі родных і дзяцей…

Наперад Бацькі з лыжкай нельга лезці,
А лепш схавацца ў бульбу да пары.
Дай, Божа, моцы перажыць нашэсце,
Астатняе ўсё – гарам хай гарыць!

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш МАНАЛОГ АБЫВАЦЕЛЯ - Ірына Хадарэнка