Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Каэтан Чабор. Частка 2

ЧАСТКА ДРУГАЯ

XI

Праз два днi, калi ў гданьскiх касцёлах адпелi
Новамучанiкаў паспалiтай зямлi,
Калi пчоламi ў доках кiшэлi арцелi,
Адраджаючы стомленыя караблi,

Калi чорнае гора гняло Каэтана
Так, што нават i плакаць было не з рукi,
Магiстрат скарахода прыслаў нечакана
Да яго ў багадзельню святога Лукi.

– Пан Чабор, прабачайце, што ў гэту хвiлiну
Перашкодзiў хваробе, але магiстрат
Запрашае шаноўна: вы спешна павiнны
Заявiцца да ратушы. Гэта загад!

Ну, загад так загад. Усё роўна асенняй
Напаўзмрочнаю, золкай, сырою парой
Дапякае нудота. З крапiўным насеннем
Аднаборства не выйграе нават герой.

Ён заходзiў таму ў кабiнет бургамiстра
Насцярожана, як на балотную гаць,
Натыкнуўся на позiрк ягоны празрысты
I скумекаў упэўнена: “Будзе iлгаць”!

Бургамiстр запеў з мiлагучнасцю птушкi,
Што ўвесь горад рыдае ў маркотным грахе
Над пярунавым лёсам. Скрозь трэль амялушкi
Прабiвалася рохканне зрэдку: “Кхе-кхе”…

Каэтан паглядаў, як шкадлiвы чынуша
Хлусiць, круцячыся на патэльнi ўюном,
Як спагецi старанна чапляе на вушы.
(Ён спагецi ў Неапалi еў з Перуном).

Потым так надакучыла абракадабра,
Што Чабор запытаў валаводнiка ў твар.
Той збянтэжана кiнуўся да кандэлябра,
Быццам хоча со свечак саскрэбцi нагар,

I казаў, што Пярун ад iмя ўсёй каманды
Магiстрату пазычыў чатыры мяшка
Серабра для знiшчэння любой кантрабанды,
Адкуль сам бургамiстр не ўзяў “нi грашка”.

Наблiжаецца тэрмiн звароту пазыкi,
Дык цi нельга… Нядоўга… Хаця бы на год…
Бо пануе вайна… Да i доўг невялiкi…
Заняпала радзiма… Бядуе народ…

Каэтан быў не ў сiлах трываць валакiту.
Абмакнуўшы ў густыя чарнiла пяро,
Як адзiны жывы, хто застаўся ад “Кiта”,
Ён навекi вякоў дараваў серабро.

Бургамiстр аднiм пацучыным узмахам
Дарагую паперу да скрынi прыбраў,
I перад Каэтанам паўстаў расамаха
Што жалезнымi кiпцямi сытна iграў.

– Да свайго непазбыўнага гора павiнны
Я абвесцiць, што маю адзiн дакумент.
Год назад, а, больш правiльна, год з палавiнай
Пан Пярун, як заведзена, склаў тэстамент.

Згодна з iм, пасля смерцi на ложку цi ў моры
Ўся маёмасць, што ён зарабiў за жыццё,
Пераходзiць ва ўласнасць да пана Чабора,
Бо Чабор для яго даражэй за дзiцё.

Пералiк дадаецца – як трэба пячацi,
Двое сведкаў, натарыус, пошлiнны збор:
Трыста моргаў зямлi ў Навагрудскiм павяце,
Смалакурня, маёнтак, хваiнавы бор,

Млын у Слонiме, рыбалавецкiя тонi,
Сто фларынаў у банке жыдоў Разэнташ,
Звольнены ад даўгоў валюш у Панямоннi,
I ў дадатак да гэтага нейкi дэраш

З табуна знакамiтага роду Сапегаў.
Безумоўна, у спiсе ёсць “Бэзавы кiт”,
Толькi ж ён, як вядома, па мору адбегаў
Ды навек апусцiўся ў глыбозны блакiт.

Пан Чабор, вы рыдаеце? Гэткая страта
Здольна сэрца любое журбой абурыць,
Асаблiва, калi толькi што магiстрату
Вы надумалi спадчыну ўсю падарыць.

Каэтан утаропiўся на бургамiстра:
– Гэта дрэнныя жарты, панове, пся крэў! –
I пабачыў у потных руках аферыста
Дакумент, на якiм толькi што пагарэў:

“Я, Чабор Каэтан… Без прымусу i блюзны…
Саступаю навекi вякоў серабро…
На карысць магiстрата дзяржавы саюзнай…
I таксама любое другое дабро”…

Накацiла шаленства. Што ж гэта такое!
Цi сурочыў яго пры народжаннi Знiч?!
З малалецтва валяцца ў ванiтах i гное,
А цяпер яшчэ гэтакi глякавы лыч!

Але ён не наступiць паўторна на граблi,
Не дазволiць нiкому сцягнуць тэстамент,
Бо нiхто не знайшоў супраць вострае шаблi
Неаспрэчны ў аснове сваёй аргумент.

За забойствам пайшлi бы турма, катаванне,
Прадузятыя допыты, дыба, праклён:
“Прызнавайся хутчэй, у якiм жа шалмане
Ты быў завербаваны, варожы шпiён?”

… Нечакана скразняк, падхапiўшы паперы,
Закруцiў, замяцелiў iх снежнай пургой –
Нехта ўпэўненым выспяткам хвоснуў у дзверы
Велiзарнай, магутнай, слановай нагой!

XII

Быццам схоплены тымi парывамi ветра
Ў кабiнет дзьмухаўцом уляцеў сакратар:
– Там да вас прарываецца пан польны гетман! –
I схапiўся рукой за скрываўлены твар.

Польны гетман! Бадай што не польны, а поўны –
Паўнамоцны камандуючы на вайне.
Бургамiстр збялеў, стаў мякчэй за бавоўну,
Бо павесяць спакойна на першай сасне.

– Ах, пся крэў! – загрымеў бегемотавы лямант.
На стальнiцу абрушыўся востры пярнач,
Разарваўшы на друзачкi нейкi пергамент:
– Двое сутак чакаю, дзе чортаў тлумач!

Ты забыў, што за пазухай у Шэрншэльда
Мы эпiсталу шведскую раптам знайшлi?
Ты жа мне перакладчыка, чортава шэльма,
Абяцаў, з носу кроў, адшукаць з-пад зямлi!

Дзе тлумач, я пытаю, сучынае вымя!
Зараз гарбуз знясу, канцылярскi карпач!
Бургамiстр пацiху губамi сваiмi
Перасохлымi мовiў: – Напiўся тлумач…

Каэтан, пазiраўшы за громам набегу,
Са здзiўленнем i задавальненнем пазнаў
У раз’юшаным гетмане пана Сапегу.
Як нi жах, а чынiць той умеў трыбунал!

Гетман злёгку скасiўся ў напрамку Чабора
(Дзякуй богу, не ўспомнiў), схапiў са стала
Тэстамент i дароўную грамату, скора
Прачытаў i казаў: – Разышлася мятла!

Пра цябе мне дакладвалi розныя справы,
Быццам ты казнакрад, ненажэрлiвы свiн,
Але каб над шляхецтвам устройваць расправы!.. –
I закiнуў адмову ў гарачы камiн.

Хоць i не зацягнулiся даўнiя кпiны,
Тым не менш, Каэтан быў павiнен прызнаць,
Што Сапегай валодае розум савiны,
Бо сава можа мудрасцю ўсёй панаваць.

Да, Сапега – з пароды распусных шаленцаў,
Супярэчыць яму – рызыкоўны дэмарш.
Толькi каб ён не выкiнуў пару каленцаў,
У каго бы тады апынуўся дэраш?

А таму Каэтан адгукнуўся сумленна,
Суцiшаючы думак i слоў чахарду:
– Я па-шведску гутарыць умею нядрэнна
I дакладна эпiсталу перакладу.

XIII

На багатым аркушы брыстольскай паперы,
Увянчаным каронамi шведскай зямлi,
Па ўсiх правiлах велiкасвецкай манеры
Ў рад гатычныя лiтары шчыльна ляглi:

“Ваша мiласць! Па распараджэнню манарха
Я пiшу, каб казаць, што становiшча спраў
З кожным днём паляпшаецца. Гэтая сварка
Надакучыла нават задумлiвым фраў.

Наша пруская армiя ў будучым лютым
Здзейснiць праз Паспалiту iмпэтны кiдок,
I прамою дарогаю выйдзе на Люццэн,
Дзе саксонскi курфюрст ад гультайства знямог.

Што датычыцца Вас, то загад – непахiсны:
Заблакiраваць Данцыг любою цаной.
Дарагоўля ды голад наблiзяць да трызны
Гарнiзон, каб не трызнелi болей вайной.

Ёсць для Вас у мяне i прыемная звёстка:
Хутка верф завяршыць будаваць галеон.
Не бывала дагэтуль цудоўней пялёстка
Ў кветке шведскай дзяржаўнасцi, i калi ён

У вялiкасным ззяннi манаршага гневу
Ўсё Балтыйскае мора ахапiць сабой,
Мы пачуем гудзенне анёльскага спеву,
Быццам сёмы анёл затрубiў над вадой.

I, каб Вы навiны зразумелi значэнне,
Я ў двух словах кароткiх магу расказаць,
Што, дарэчы, ягонае водазмяшчэнне
Перабольшвае “Тыгра” разоў так у пяць.

А што тычыцца пушачнага аснашчэння,
То ён ядрамi знiшчыць любы квартэрдэк –
I “Давiда”, i “Ежы” шпурне на каленi,
Ды яшчэ раскалоцiць i “Ноеў каўчэг”.

(Хай даруе мяне за богазняважанне
Наш нябесны айцец). Пратрымайцеся год.
А цяпер трэба скончыць, на гора, пасланне.
Нотабэнэ: мой сябар, я з гэтых нагод

Абсалютна забыў iмянiны Гунiлы,
Слаўнай хрэснiцы Вашай – цудоўнай, як сон.
(Вось як кепска вайна маю памяць змянiла).
Ваш адданы слуга Крыстафер Петэрсон”.

XIV

Пан Сапега ў праснак пляскаў грузнае крэсла
Сваёй вагай мясiстай, пярнач церабiў:
У ягоных вачах на iмгненне ўваскрэсла,
Нiбы ў люстры, ўяўленне бацькоўскiх магiл.

Прамiльгнула секунда, калi ён рукамi
Па-дзiцячы разгублена, млява развёў,
Але ўраз натапырыўся злымi рагамi
I нагамi затупаў, як буйвал цi вол.

– Марш на Люццэн, нягоднiкi? Будзе вам Люццэн!
У жамерыны палiцай параскрышу!
Вашы лбы аб харугвы мае разаб’юцца!
Дай iм, божачка, пранцы, чуму ды паршу!

Толькi што ж мне рабiць з гэтым новым фрэгатам,
Галеонам, карветам, цi як там яго?..
Калi пушак на iм i напраўду багата,
Спадзяванне адно – на ўсялякiх багоў.

Арэнд Дыкман сканаў дзеля велiчы трона,
Пераемнiкаў не пазнаходзiш з агнём,
Бо такiм саматопам замест галеона
Кiраваць толькi брудным цабэркам з лайном!

Каэтан не жадаў дачакацца фiналу
Буйвалiных эмоцый, схапiў тэстамент
I па сценцы, пакрышачку, мала-памалу
Адступiў, але гетман зрабiў камплiмент:

– Бачу я, пан Чабор – чалавек даравiты.
Да спадобы прыйшоўся мне твой пераклад.
Далучайся ж адразу да гетманскай свiты!..
Каэтан абамлеў ад такiх эскапад.

Як зазначыць Сапеге, што вольнаму воля,
Што да службы казённай душа не ляжыць?
Ён адзiным кiўком у шалёнае поле
Паарэ тую волю так, што i не жыць.

Польны гетман заўважыў спалох Каэтана
I, як вопытны вершнiк, стрымаў скакуна.
(Калi штурмам не ўзяцi варожага стана,
Дык руплiвай аблогi не здужыць сцяна).

Пан Сапега вачамi паводзiў нядбала,
Каэтана пацiху абняў за плячо…
Iнтэлектам ягоным цяпер кiравала
Не сава, а, бадай, тры мiльёна сычоў.

Але ж i Каэтан быў не “пальцамi пханы”,
Нiбы кашанка з роду вясковых кiлбас.
Субяседнiкi, тоючы ў думках падманы,
Павялi тэт-а-тэт куртуазны сюрпляс.

Што гаворыў адзiн, то другi ў думках гушкаў,
Расшыфроўваючы сэнс намераў двайны.
Каэтанавы мыслi заключаны ў дужках,
А сапегiны фразы ў двукоссях даны.

“Пан Чабор, дарагi! Пагаджайся сумленна,
Бо няма для шляхецтва пачэсней турбот,
Чым”… (Служыць у магната рахманым паленам,
Набываць кухталi i зацiскiваць рот).

“Ты ж, вядома, нашчадак славутага роду.
Твае продкi радзiме аддалi жыццё!”
(Для балванаў найлепшы, правераны сродак –
Фiмiямам наогул забiць пачуццё).

“Мы з табой параднiмся, як гэтая бойка
Будзе скончана ўшчэнт на карысць караля”.
(Нешта ён салаўём разлiваецца бойка.
Трэба бегчы хутчэй ад цябе, круцяля).

Але каб Каэтан папранiк нейкiм чынам
У таемныя думкi Сапегi, тады
Зразумеў бы сапраўдную першапрычыну,
Ад якой гетман плакаў, нiбы ад бяды.

Называлася тая прычына Даротай.
Йшоў Дароце ўжо трыццаць чацвёрты гадок.
Нi пасаг, нi пасады, нi зашмарга з дроту
Не маглi жанiхоў заманiць на парог.

Што Дарота аблiчча курынае мела,
То не дзiўна – бывае такое ў сям’i,
Ды аб нораве дзеўкi гавэнда грымела,
Як гарланiць дыякан падчас лiтыi.

Перажыўшы яе тэмперамент аслiны,
Нават глуханямы скавытаў: “Каравул!” –
I раскоўзваў па шчоках зялёныя слiны
Ад палаючай зайздрасцi сам Вельзевул.

Пан Сапега зазнаў, як вялiкае гора,
Што настаў судны дзень, i, сарваўшы пячаць,
Скокнуў звер сямiпашчы з сярэдзiны мора,
Каб штодзённа бацькоў з асалодай жаваць.

О, з якiм пачуццём, у якую ахвоту
Ён накiнуў бы моцна ад чыстай душы
На лiлейную шыйку Дароты гарроту
I душыў бы, душыў бы, душыў бы, душыў…

Каэтан яму быў неабходны, паколькi
Жанiхоў ён адшукваў у кожным кутку:
Хоць лiцьвiнскi прыдурак, хоць ёлупень польскi,
Абы толькi надзейнее збагрыць дачку!

XV

Ледзьве-ледзь Каэтан з неабдымных абдымкаў
Выслiзнуў, пакланiўся i даў драпака.
Над Алiвай туман кучаравiўся дымна.
Сонца цьмяна свяцiлася, як пацерка.

Набягалi баранчыкi, цешачы ўзмор’е.
Адзiнока хадзiў Каэтан па пяску,
Удалечыню гледзячы з сумам i зморай,
Пакуль подыхам вецер матляў вопратку.

Пан Сапега раз’ятрыў ягоныя нервы,
Дакрануўшыся да развярэджаных струн.
Калi новае судна паўстане з рэзерву,
То, выходзiць, дарэмна загiнуў Пярун?

Што рабiць? Як суцiшыць жаданне спачынку?
Як не лiчыць сябе апусцелым да дна?
Адказала душа, што з усякага ўчынку
Ядавiтай слязою заплача яна.

Прыхаджан сазывалi званы да малiтвы.
Неўзабаве прамень мiльгануў прамiж ног –
Адзiнокiм асколкам заўчорашняй бiтвы
На пяску спачываў металiчны кусок.

I да гэтага дара нямога прадоння
Каэтан папрацягваў абодзве рукi –
Перад iм у бяссiллi ўздымалi далонi
Алавяныя лiтары: “Бэзавы кiт”!

Быццам голас Пяруна з-пад тоўшчы сталеццяў
Заклiкаў нi на мiг не забыць па былом,
I з душы Каэтана рвануўся суквеццем
Да халоднага неба празрысты псалом:

– Гасподзь, у лiтасцi сваёй
Памiлуй грэх майго праступку.
Не вылей над маёй раллёй
Пякучы яд у шкляным кубку,
Гасподзь, у лiтасцi сваёй.

Даруй мне шчыра за сумнеў,
За прагнасць сэрца i сумлення,
Даруй за легкадумны гнеў,
Змахнi з iлба начныя ценi.
Даруй мне шчыра за сумнеў.

Ты не пакiнь мяне, Гасподзь,
Калi натруджаную душу
Шалёна спакушае плоць –
Я вытрымаць яе прымушу.
Ты не пакiнь мяне, Гасподзь!

Дай мне падтрымку i савет,
Як абмiнуць марскiя рыфы,
Дзе ў муках курчыцца сусвет,
Дзе пажыраюць сэрца грыфы.
Дай мне падтрымку i савет,

Каб не згубiў нiколi я
Тваёй святлiвае любовi,
Якой цураецца змяя;
Далонi цёплай ва ўзгалоўi
Каб не згубiў нiколi я.

I на зыходзе дзён маiх
У могiлкавым пераддзвер’i
Даруй нябёсаў залатых,
Суцiш халоднае нявер’е
Ты на зыходзе дзён маiх.

XVI

Праз два тыднi, у золкай сярэдзiне снежня,
За паўтысячы мiль ад алiвавых вод,
Да гранiтнага пiрса наўсцяж набярэжнай
Швартаваўся абшарпаны лоцманскi бот.

У прыцемак спадаў краявiд навакольны,
Жоўтакрыжы штандар навiсаў, як султан –
На чужы, непрыяцельскi бераг Сцякольны
Беспрытульным бадзягай сышоў Каэтан.

Марыў ён аб карчме, дзе тапчан i гарэлка
Прыгалубяць яго, быццам родны айцец,
Але тупа вяла паказальная стрэлка
З кожнай ростанi на каралеўскi дварэц.

О, сталiца напышлiвай супердзяржавы,
Колькi славы ў злачынствах змагла ты здабыць,
Каб да скону вякоў паказальнiк iржавы
Не даваў нi на момант аб гэтым забыць!

На рыбацкiх баркасах праз Готланд i Эзель
Да Сцякольны дабраўся Чабор, як шпiён,
Памiж Сцылай агню i Харыбдай жалеза,
Каб убачыць будуючыся галеон.

У яго не было анiякага плана,
I бясконца кружыў мiж дамоў Каэтан,
Клапатлiва мiлуючы твар капiтана,
Па раёну вяльможных сялiб Гамластан.

Ненаўмысна вандроўнiк усталыя ногi
Прыпынiў, калi выйшаў на велiчны пляц,
Дзе гурбою кiшэлi карэты i дрогi
Ля каваных варот у багаты палац.

– Што за свята? – спытаў ён у фурмана дрогаў,
Якi скрэб пяцярнёю экзэмавы плех
Так, што перхаць ляцела, бы стружка ад рогаў. –
Хiба колядны пост гэта час для пацех?

– Дзе там, пан, – адгукнуўся пляшывы рамiзнiк, –
То не свята, то проста жалобны абед.
– А што служыць падставаю жаласнай трызне?
– Гэта дом знакамiтай сям’i Шэрншэльд.

Начапiўiшы на твар маску ханжаскай скрухi,
Як жабрак дзеля мiласцi вешае горб,
Каэтан падыйшоў да варот. Аблавухi,
Рабацiнiсты брамнiк глядзеў на яго.

– Далажы гаспадыне, што мне з адмiралам
Праслужыць два гады даў падзяку Гасподзь.
Мы заўсёды на бiтву з адкрытым забралам
Запрагалiся ўдвух, нiбы конi ў аброць.

Ён сканаў пасля бою ў залiве Алiва,
Не патрапiўшы вынесцi смерць карабля,
I душой да апошняга часу руплiва
Апяваў велiзарнасць свайго караля.

Па сiгналу швейцара наблiзiўся лёкай,
Расчынiўся шырока ўваходны праём,
У якiм кожны бачыўся мышшу-палёўкай:
З урачыстасцю госць быў запрошаны ў дом.

XVII

Як апiсваць прыстойна гурток куртуазны,
Што навокал стала пазбiраўся ў хаўрус,
Каб не пасцi да ўзроўню цынiчнага блазна?
Хiба толькi ўявiць cамабраны абрус?

Бо пры позiрке на апетытныя стравы,
На прасцiны абляпаных тлушчам сурвэт
Кожны выпукла бачыў знясiлены, млявы,
Змардаваны вышэйшы сцякольненскi свет.

На ўспамiн адмiрала тут сумна жавалi
Шпiгаваны цыбулей ягнячы сцягняк
I да слёз у вачах страту перажывалi
Пад дастаўлены з Францыi модны каньяк.

У раздраi захопленага шматгалосся
Залiвалася ў страўнiкi ячнае бро.
Гарадскi галава грыз цi cкiвiцу лося,
Цi галёнку свiннi, цi аленя рабро.

Лютэранскага пастара ў гэтай гасцiнай
Каэтан распазнаў не па рызе. Наўпрост
Той святар напакоўваў жывот ласасiнай,
Каб не ганьбiць абжорством малiтвены пост.

Сын нябожчыка, швагры, пляменнiкi, сёстры,
Пазабыўшы аб правiлах добрых манер,
Прымячалi пранiклiва поглядам вострым,
Хто што выпiў i колькi бяссорамна зжэр.

Але трэба спынiць абгаворы часова,
Бо каму да патрэб авантурны раман,
Калi ён без кахання, без страсцi i змовы?
I такое каханне адчуў Каэтан.

У кутку ля гарачай пячоры камiна
Неяк сцiпла глядзела на люты агонь
Задуменная, нiбы cвiтанак, дзяўчына,
Пацiраючы пальцам ружовую скронь.

Цёмна-карыя зрэнкi адцення карыцы
З непрагляднай загадкай трапiчных начэй.
I хацелася мяккiм клубочкам скруцiцца
Пад прытулкам арэхавых цёплых вачэй.

Каэтана iмгненна вiном ап’янiла,
Ды настоем атруцiлi сэрца ваўчкi.
Значыць, вось ты якая, паненка Гунiла –
Кампаньёнка худой адмiральскай дачкi!

Праваднiк чалядзiн тры разы аб падлогу
Грукнуў мерна сваiм мажардомскiм жазлом.
Гарадскi галава, як мядзведзь у бярлогу,
Закацiўся за крэсла i спаў пад сталом.

– Пан Чэльборг Гаэтан, бамбардзiр галеона
Адмiральскага. Здолеў дамоў уцячы
Пасля бою ў залiве Алiва з палону,
Выкраўшы карабельную шлюпку ўначы!

Падхапiлася радаснай зграей суполка:
– Што да хто? Як загiнуў? Не мучыўся ён?
Так буянiць у рыначны дзень барахолка,
Цi лавiна зыходзiць у горны каньён.

Дзякуй бог, Каэтан усмактаў паўнакроўна
Разнастайныя веды марскiх дысцыплiн,
Што яму надаваў, нiбы воду ў бавоўну,
Абаронца флатоў Мiкалай Талентын.

I таму бамбардзiр, разумеючы справу,
Распавёў пра жахлiвы рашаючы бой,
Як над целам героя чынiла расправу
Жыгiмонтава раць звар’яцелай гурбой,

Як барвяная кроў, бы пялёсткi пiвонi,
Засцiлала пясчаны алiвавы пляж,
Як на шлюпке струхлелай ён бег ад пагонi,
Як насiлу вяслом адбiваў абардаж.

Ёсць, на шчасце, у люду такая ўласцiвасць:
Чым гусцей у аповедзе брыдкiх драбнiц,
Чым больш вусцiшна кожная прагная хцiвасць,
Тым ахвотнее вера да ўciх небылiц.

Стойка помнячы цвёрдае правiла гэта,
Каэтан са слязамi закончыў расказ,
Заявiўшы, што зараз ягоная мэта
Ваяваць i далей на карысць шведскiх Ваз.

Трэба паразумець: Каэтану занадта
Шанцавала, калi ён абдурваў банкет,
Бо навокал яго абступалi андатры
Прэснаводныя, што папiралi паркет.

Для iх мора было не жыццё, а легенда;
Баявыя лiхтугi – страшэнней за нож.
Як вялiкасны жах, падавала гавэнда,
Што падчас яны могуць хадзiць басанож.

Каэтана аблашчылi, пер’е здзiмалi,
Панавальвалi ў блюда нябачаных страў
Так, што ён ледзь не трэснуў ад ежы амаль i
Пад зямлю быў гатовы схавацца, як страус.

Госцi чокалiся наўзахваткi з героем –
Гэта ж выпадак, каб налiзацца ў трубу!
Нават жонкi прапойцаў змянiлi настроi,
Хоць i холадна папрыцiскалi губу.

А калi Каэтан нахлябтаўся, як вожык,
То яго акуратна звалок чалядзiн
У гасцёўную спальню на царственны ложак,
Пад кiшэлы клапамi сыры балдахiн.

XVIII

Кожны дзень ён брадзiў па завулках Сцякольны,
Прыглядаўся да звычаяў розных слаёў,
Бачыў свету вышэйшага нораў фрывольны
Ды галоту, зняважаную да краёў.

Горад лопаўся ўшчэнт ад засiлля драгунаў,
Ад жаўнераў, што лiчацца соллю зямлi,
I ўсплывалi на памяцi словы Пяруна
Пра “калi пачынаюць свярбець каралi”…

Бо нiхто з ганарлiвай узброенай дрэнi
Не спяшаўся пайсцi за радзiму на фронт:
Абы грошы надзейна ляжалi ў кiшэнi,
I пляваць са званiцы, як там Жыгiмонт.

Тры разы Каэтан падбiраўся да верфi,
Каб патрапiць туды, дзе будуецца звер,
Толькi вартаўнiкi, нiбы дзiкiя вепры,
Выкарчоўвалi пiльна ягоны намер.

Ад няўдач ён гатовы быў кiнуць задуму,
Уцячы назаўсёды за Дзiўну i Бельт,
Але ўпарта варочаўся, цягнучы гуму,
У знявiдны палац да паноў Шэрншэльд.

Пачуццём навальнiчным трывога штармiла!
Мусiць, ён бы не вытрымаў гэтых марок,
Ды ў вiтальнi яго сустракала Гунiла,
Акунаючы ў сэрца каштанавы зрок.

Шэрншэльдам прадставiць сабе ўвачавiдку,
У гарачкавым трызненнi, д’ябальскiм сне
Немагчыма было, што любоўным напiткам
Абап’ецца Гунiла, патоне ў вiне;

Што прыблудны шляхцюк набярэцца нахрапа,
Наляцiць на дзяўчо, як завейны мусон,
Замяцелiць, закружыць, абдыме ў ахапак
Тую, кiм быў прываблены сам Петэрсон!

XIX

Без аглядкi на iншых яны вечарыны
Прабаўлялi ва ўтульным прыцемку штодзень.
Пурпуровыя iскры, як гронкi рабiны,
У камiне буянiлi, гонячы цень.

Тугавухая бонна драмала ў паўшалке,
Ушчаперыўшыся ў залатое шытво,
I разломлiвала дзве душы на кавалкi
Пачуццё, што чакала абата Прэво.

Пад гарачымi хвалямi з пашчы камiна
Блiскацеў таямнiча шаўковы паплiн
На сукенцы Гунiлы. Чабор салаўiна
Шчабятаў, распускаючы хвост, як паўлiн:

Пад мячом пярэварацень жаласна енчыў,
Дзiкуны Каэтана ўключалi ў меню –
У вясёлых вачах жартаўлiвы агеньчык
Яшчэ болей балбеса натхняў на брахню.

Iншым часам здавалася, што iдэала
Дасканалей Гунiлы Гасподзь не надаў,
Але да iдэала ўсё ж не дамаўчала,
Бо заўсёды павiнен маўчаць iдэал.

XX

Ёй, аднак, i самой не цярпелася з кiмсьцi
Падзялiцца сакрэтам, што рваўся знутры,
I даверлiва лёталi тонкiя кiсцi,
Прыварожваючы Каэтана ў сябры

Да другога прышэсця, пагiбелi, скону,
Надмагiльных расстаняў, удовiных слёз…
Нарадзiлася панна ў правiнцыi Сконэ,
Дзе датчане i шведы iспытвалi лёс.

Там сярод сакавiтай, смарагдавай рунi
Ў ручаях серабрыцца пад сонцам фарэль,
Валуны берагуць старажытныя руны,
Вынiкаючы гномамi з нетраў зямель,

Шапацiць кучарамi на ўзлессях ляшчына,
Парафiян склiкае вясковы прыход.
У сям’i святара падрастала дзяўчына
Пяць сваiх немаўляцкiх калыскавых год,

Па-дзiцячаму не прадстаўляючы смерцi…
Каэтан задуменна лахмацiў вiхры:
“…Дзе з пачварамi танчуць iклатыя чэрцi,
Безупынна будуюць плацiны бабры,

Расцякаецца думкай па дрэву вавёрка,
Прабiвае прасеку скрозь зараснiк тур…”
Але раптам Гунiла заплакала горка
I, хаваючы твар, прыспусцiла каптур.

Днём, калi памiнаецца дзева Райнэльда,
Выпускаючы востры смурод чарамшы,
На сялiбу нахлынуў атрад Шэрншэльда,
Роўна як нападаюць на тлей мурашы,

Каб адпомсцiць мячом каралю Крысцiяну,
Якi Швецыю туркаў у грыву i хвост.
На распяццi тужыў па ўсяму хрысцiянству
Перакрэслены жэрдкамi крыжа Хрыстос.

Утыкалi ў людзей гарпуновыя дзiды,
Процьмай смерцяў мятла замятала сляды,
I на зубчастых лёзах iзноў ад агiды
Ў захаваннях зарослых каналi дзяды.

Уцякала Гунiла ад чорнай навалы.
Запляталiся ногi ў сукенцы льняной,
Намагаючыся да царквы заняпалай,
Каб ахову знайсцi за алтарнай сцяной.

Там, пад вокам старазапаветных прарокаў,
Што i самi ў свой час рэзалi да крывi,
Запускалi чырвонага пеўня далёка
На прастор Ханаана ды Аравii,

Яна лiтасцi i прабачэння малiла,
Бо запэўнена ўсёю душою была,
Што вайна пачалася таму, што Гунiла
Марцыпанку сцягнула тайком са стала.

Не адказвалi на яе пацеры лiкi:
Нi Адам, нi Францыск, нi святы Эрменгельд…
Увайшоў у бабiнец з эстокам вялiкiм,
Як з жазлом Сатаны, адмiрал Шэрншэльд.

Парасцягваў ва ўсмешцы акулавы губы,
Адлажыў на ахвярнiк двухручны эсток,
I дастаў з-за папругi кiнжал шаблязубы,
Прыцягальны, нiбыта любiсты лiсток.

Запляталася туга вузламi жывая
Ледзянелая кроў у хрыстовым даму,
Але раптам Гунiла дачкой Iефая
Кiнулася на грудзi забойцы свайму.

Нечакана пачулi маленне святыя,
Што зляцелiся ў рай, быццам мухi на мёд –
Павыпорвала розгамi дзева Марыя
Ўвесь глухi маляўнiчы евангельскi зброд.

Нешта жаласна хруснула ў цёмным бяздоннi
Адмiральскай душы. Мабыць, ён прыгадаў,
Як дачку павiтуха з цяжарнага ўлоння
Даставала, нiбы з шалупайкi мiгдал,

Як шчыпцы накладныя цягнулi патроху
З непадатных вантробаў на свет немаўля…
Шэрншэльд засмяяўся, Гунiле парохкаў
I панес на руках да свайго карабля.

Сiрату гадавалi нароўнi з дачкою:
Вышыванне, латынь, менуэт, клавесiн…
Адзiнаццаць гадоў яна снiла пра тое,
Што айчым абвiсае на суччах асiн.

А калi балахоны з бавоўнавай бязi
Ёй па ўзросту змянiлi на шоўк i вiсон,
На яе наляцеў, бы турэмшчык на вязня,
Фаварыт караля Крыстафер Петэрсон.

Зашушукалiся па гасцiных пляткаркi,
Быццам хутка бакi дапасуюць пасаг.
(А, дакладнее, кошт палюбоўнiцы царскi,
Што Арда на Русi называла “ясак”).

Каэтан адчуваў пах мядовай ванiлi
Ад валоссяў яе, ледзь святлей за ванiль.
Прыадкрыўся наўстрэч рот прывабны гунiлiн
Колерам, як каралавая кашанiль.

Перарывiсты шэпт даляцеў закахана:
– Я жа бачу, што крыўднiк для вас адмiрал…
Гайданула спалохам пад дых Каэтана.
Ён прамямлiў нясмела: – Я з iм ваяваў.

– Не… Не трэба манiць… Нелюбоў ледзяную ж
Да яго ты не ў сiлах схаваць у хлусне…
Не цалуй жа мяне… Ты чаму не цалуеш?..
Пацалуй жа мяне… Не цалуй жа мяне…

Толькi ведаю, што, як варкот ля смятаны,
Побач з верфью вандруеш у смутнай тузе…
Пацалуй жа мяне… Не цалуй, мой каханы…
Я табе памагу… Пацалуй… Па чарзе…

Паслязаўтра апоўнач калядныя балi
Распачнуцца… I мы задаем маскарад…
Не цалуй жа мяне… Я на тым карнавале,.. –
Мармытала бязглузда яна неўпапад.

Каэтан цалаваў ад грабенца да ручак
I ад рук да грабенца iзноў цалаваў,
Не ўнiкаючы, што ён – нiкчэмны лазутчык,
Бо з сабою ў бяздонне Гунiлу звяргаў.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Каэтан Чабор. Частка 2 - Глеб Ганчароў