Верш Марынка
Жыла-была Марынка,
Капрызная дзяўчынка.
Яна аднойчы маме
Гаворыць са слязамі:
– Прыгожыя, цудоўныя
Імёны маюць дзеці.
Марынка ж – непрыгожае
Імя на цэлым свеце.
Задумалася мама
На нейкую хвілінку,
Пасля лагодна кажа:
– Ідзі гуляй, Марынка.
Тым часам я прыдумаю
Табе імя другое…
Як вернешся, пагутарым,
Параімся з табою.
Марынка выйшла ў двор.
Шуміць за вёскай бор.
Махнуў ён ёй хусцінкай –
Зялёнаю галінкай.
Пакуль у бор ішла,
Усім дапамагла:
Суседскай бабцы Полі
Прыгнаць гусей з ракі,
А цётцы Антаніне –
Пазносіць агуркі.
У дзядзькі Апанаса
Курэй прагнала з град,
Дзядулю Стасю хутка
Паленцы склала ў рад.
Марынку ўсе хвалілі
І так ёй гаварылі:
“Марынка – малайчынка,
Цудоўная дзяўчынка!”
Марынка паўз таполі
Ідзе, глядзіць вакол.
Пушынкі, як сняжынкі,
Прад ёю сцелюць дол.
Здалося тут Марынцы –
Іх голас, як жывы:
“Хутчэй, хутчэй, Марынка,
Лаві ты нас, лаві!
Марынка – малайчынка,
Цудоўная дзяўчынка!”
Ў бор ідзе сцяжынкай,
Там – верас, там – чабор.
І чуе, бы пяшчотна,
Ласкава шэпча бор:
“Уніз зірні, Марынка,
Вунь – збоку, вунь – далей
Сунічкі і чарнічкі,
Каштуй, каштуй смялей!
Марынка – малайчынка,
Цудоўная дзяўчынка!”
Ад радасці Марынка
Ані не чула стомы.
Шчаслівая дзяўчынка
Вярталася дадому.
Ледзь дзверы адчыніла
І крыкнула з парога:
– Мамачка, не трэба
Мне імя другога!