Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове





Верш Японія

Лустачкі сушы, бязмежныя воды,
Сівой Фудзіямы стан ганарлівы,
Подых жаданай, адвечнай свабоды,
Сакура, хокку і харакіры,
Заклік: “Банзай!” і мастацтва “бансай”,
Ніндзя, нунчакі, сакэ, самураі –
Мабыць, і ўсё, што дагэтуль, бадай,
Мы аб японскім ведалі краі.

Сёння жахлівай стыхіі парыў
Сэрцы мільёнаў схапіў абцугамі.
Божа! Ну за якія ж грахі
Тоне Японія ў хвалях цунамі?
Зноў у чарзе “Хірасіма” чакае
Ці “Нагасакі” ядзерны ўсплеск?
Пільна ўся Зямля назірае,
Што з Фукусімай, што там на АЭС?
Мужнасць і вытрымка – доля японцаў,
Слязьмі не загоіш глыбокія раны.
Японію клічуць “краінаю Сонца”,
Яно і падорыць спакойны світанак.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Японія - Ганна Рэлікоўская