Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Чаго ні давялося перажыць

Чаго ні давялося перажыць,
а я жадаю аднаго – любіць!..

Любіць зямлю, лясы і сінь вады,
любіць адной або з табой – заўжды.

Любіць бярозу, вольху і сасну
за тое, што хавалі у вайну.

Любіць будоўлю, кузню і тартак
за тое, што свае, – і проста так.

Любіць таму, што страчана зашмат
паспелых каласоў і цёплых хат.

Любіць таму, што хлопцы ў небыцці,
якіх не цалавалі пры жыцці.

Любіць таму, што хлопчыкі растуць,
якім любоў патрэбна удыхнуць…

Я гавару – любіць, пяю – кахаць,
каб днём апошнім не пашкадаваць

Самой любві, што дзеля трат жыла,
а я яе чамусьці берагла…

Кахаць цябе істотаю жывой
за словы познія: “Цяпер я твой…”


Верш Чаго ні давялося перажыць - Еўдакія Лось