Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш САМААДЧУВАННЕ

Я рэспектабельны дагледжаны
гладка паголены
апрануты ў дарагі гарнітур
у мяне дарагі эксклюзіўны аўтамабіль
трохпавярховы дом за дзесяць кіламетраў ад менску
красуня жонка рахунак у банку
я дырэктар камерцыйна паспяховай фірмы
у мяне мноства плянаў адносна будучыні
нават сусьветны эканамічны крызіс
ня здолеў папсаваць мае справы
толькі не трэба рабіць ашаломлены твар
зарабіць капітал цалкам мажліва
нават у нашай жабрацкай краіне
трэба ўсяго толькі мець галаву на плячах
і калі вашая клініка мае патрэбу ў фінансаванні
медычнае абсталяванне там
мяккая мэбля і ўсё такое
а вашая клініка пэўна ж мае ў гэтым патрэбу
я магу пад узаемнавыгодны працэнт пазычыць вам грошай
аніякіх праблемаў хоць зараз пазычу
а хочаце уладкую вас да сябе
гандлёвым прадстаўніком
фінансавым мэнэджэрам
мэнэджэрам па продажах
мэнэджарам па персаналу
а хочаце
замдырэктара
як вам гэткая прапанова
дзеля чаго вы гібееце ў гэтакім
жудасным месцы
у гэткіх жахлівых умовах
у вас тут надзвычай няўтульна
і пах
які невыносны пах
чаго вы спужаліся чаго нахмурылі бровы
я падаюся вам незвычайным
мама таксама лічыць
што я незвычайны
яна крыху перабольшвае
занадта чуллівая стрэсаняўстойлівая
не мае актыўнай жыццёвай пазіцыі
ня здольная да камунікацыі слабая непаспяховая
я за яе хвалююся нэрвуецца
прымае нейкія лекі
вось прыцягнула мяне да вас
навошта незразумела
у гэтым няма неабходнасці
я пачуваюся проста цудоўна
дый мала хто пачуваецца блага
ў дзесяцігадовым узросце
і вы пра тое ведаеце лепш за мяне
пагадзіцеся
доктар

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (1 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш САМААДЧУВАННЕ - Цімур Хоміч