Беларуская паэзія

Вершы на беларускай мове



Верш Дзедаў госць

Сціх нарэшце колаў лёскат, і спыніўся паравоз. Ён Міколку к дзеду ў вёску сёння з горада прывёз. Дзед унука ля парога узяў на рукі, як малога. – Бач, які ты, бач, які! – цісне хлопца да шчакі. А ў дзядулі – вось бяда! – нібы шчотка барада. Ён жартуе, а Міколку – хоць ты плач – у шчокі колка. Тут бабуля кажа: – Дзед, павітацца дай як след!.. Ад абдымкаў, пацалункаў не знайсці яму ратунку. Потым бабка да стала свайго госця павяла. Эх, бабульчыны бліны! – надта ж смачныя яны! А яешня, а тварог – болей еў бы, калі б мог!.. Пасля смачнага абеду сон схіліў старога дзеда. Ён прыкрыў газетай лоб, пазяхнуў і ўраз захроп. А як бабка выйшла з хаты, стала госцю сумнавата. – Што б зрабіць такое мне? Бачыць – ножны на сцяне. Паглядзеў на бараду: – Зараз лад я навяду. Болей мне яна ніколі гэтак шчокі не наколе! – І паціху, асцярожна, ён з цвіка здымае ножны. Чыкнуў раз, другі і трэці!.. Дзед нічога б не прыкмеціў, але тут, відаць, валоссе казытнула дзеду ў носе. Чмыхнуў ён і з ложка ўскочыў, бараду разгладзіць хоча. Шась рукой туды, сюды – не знаходзіць барады. Бабка ўгледзела: – Авой, што з тваёю барадой?.. Дзед у люстра паглядзеў – ледзве ён не абамлеў. – Што за жарты, што за штука? – і шукае ў хаце ўнука. А бабуля: – Кінь сварыцца. Ці не лепей пагаліцца?.. Брытву дзед пачаў вастрыць, а злуецца, а бурчыць! – Гэта ж, – кажа ён, – куды варты дзед без барады?.. Пагаліўшыся, ізноў да люстэрка падышоў. Злева, справа паглядзеў і крыху павесялеў. – Баба, як ні гавары, не такі ўжо я стары… А бабуля: – Сапраўды, ты зусім як малады… Адышла ў дзядулі злосць. Але дзе падзеўся госць? І чыя, скажыце, ножка вытыркаецца з-пад ложка? Ці не ўнук там, ці не госць? Паглядзелі – так і ёсць.

1 Star2 Stars3 Stars4 Stars5 Stars (2 votes, average: 5,00 out of 5)

Верш Дзедаў госць - Артур Вольскі